М.Козел: “Сучасная Беларусь – фашыстоўская дзяржава”
Актывіст Руху “За Свабоду”, Міхаіл Козел, затрыманы 28 траўня ля амерыканскага консульства, звярнуўся да незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў сувязі з дыскрэдытацыяй ягонага імя на беларускім тэлебачанні.
“Што б ні паказвала так званае “беларускае” тэлебачанне па дзяржаўных каналах, варта ведаць, што сюжэты з маім удзелам ёсць помстай супрацоўнікаў КДБ РБ за адмову даць пісьмовую згоду пра супрацоўніцтва з імі. Усё тое, што насамрэч адбылося, ёсць старанна падрыхтаваная беларускай спецслужбай правакацыя”, - гаворыцца ў заяве.
Міхаіл Козел распавядае, што правакацыйныя адносіны да яго з боку міліцыі і КДБ пачаліся пасля таго, як ён адмовіўся з імі супрацоўнічаць.
“Я не магу ўладкавацца на прыстойную працу, таму сяджу беспрацоўным. Пры спробе ўладкавацца фатографам, дырэктар установы адказаў мне, што не зможа ўзяць мяне, бо я не з “іх Беларусі”.
Пасля таго, што адбылося 28 траўня са мной, я не думаю, што мае правы парушаныя. Я канчаткова ўпэўніўся у тым, што ў мяне, як у чалавека, увогуле няма аніякіх правоў у гэтай краіне. Мабыць, я павінен дзякаваць тым людзям, якія мяне затрымалі, дапытвалі, рыхтавалі зневажальныя відэафільмы, забралі мае грошы, Яны ж мяне не забілі, не пасадзілі ў вязніцу, не адвезлі ў “псіхушку”, нават не білі. Але мне чамусьці здаецца, нават не здаецца, я цяпер упэўнены ў тым, што сучасная Беларусь – фашыстоўская дзяржава. А я хоць і не габрэй па нараджэнню, але прызначаны ім быць,” – адзначае ў заяве Міхаіл Козел.
Нагадаем, 28 траўня ў Мінску былі затрыманы старшыня брэсцкай абласной філіі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі і актывіст з Турава Міхаіл Козел. У Шыманскага сканфіскавалі 1718, а ў Козела 1422 даляра.
Усе навіны


