Мілінкевіч лічыць выключэнне Івана Шылы абуральным
Непаўнагадовага моладзевага актывіста Івана Шылу выключылі са школы і не дапусцілі да выпускнога іспыту ў школе. Сітуацыю каментуе лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
- Сітуацыя, якая склалася вакол салігорскага актывіста “Маладога Фронту” Івана Шылы не можа не выклікаць абурэнне. Выключэнне вучня са школы за ягоную грамадзянскую дзейнасць і асабістую палітычную пазіцыю, адрозную ад кіраўніцтва, у 21-ым стагоддзі не інакш як рэпрэсіўным бязмежжам не назавеш, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Палітык звярнуўся да старшыні аддзела адукацыі Салігорсакага гарвыканкама Мікалая Маскевіча з просьбай патлумачыць прычыны, якія сталі падставай для адлічэння, разгледзець спосабы ўзнаўлення вучня ў школе і дазволіць здаць іспыты.
- Трэба памятаць, што пазбаўленне людзей акадэмічных свабодаў з’яўляецца парушэннем Канстытуцыі, элементарных правоў чалавека і яскравым сведчаннем беззаконня, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Усе навіны


