Эканамічныя санкцыі шкодныя для Беларусі?
Рух "За Cвабоду" правёў панэльную дыскусію на тэму "Эканамічныя санкцыі: характар і наступствы для Беларусі".
На арганізаванай Рухам "За Свабоду" 5 чэрвеня панэльнай дыскусіі па пытаннях эканамічных санкцыяў свае меркаванні выклалі незалежныя эксперты: філосаф Алесь Анціпенка, палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч, Андрэй Ляховіч, Пётр Марцаў, Андрэй Фёдараў.
Маўчаньне апазіцыі – магчымасці для рэжыму
На думку экспертаў, адной з прычынаў дастаткова нізкай папулярнасці дзеячоў апазіцыі з’яўляецца тое, што апазіцыя не адказвае на актуальныя для выбарцаў пытанні. Адно з такіх пытанняў – увядзенне ЗША і ЕС эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Як і датычна іншых актуальных пытанняў, маўчанне, ці адсутнасць яснай пазіцыі апанентаў рэжыму дае аўтарытарнай уладзе магчымасці для дыскрэдытацыі апазіцыі. Дзяржаўныя медыі вінавацяць супраціўнікаў рэжыму ў тым, што яны ініцыююць увядзенне супраць Беларусі эканамічных санкцыяў, якія негатыўна ўплываюць на развіццё сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі.
Актуальнасць пытання эканамічных санкцыяў павялічылася ў сувязі з увядзеннем ЗША санкцыяў супраць канцэрну “Белнафтахім”. Існуе неабходнасць, каб незалежныя эксперты далі ацэнку эфектыўнасці падобных метадаў знешняга ціску на рэжым.
Эканамічныя санкцыі не з’яўляюцца ўніверсальным метадам змагання з дыктатурамі
Прымяненне нават шырокамаштабных эканамічных санкцыяў далёка не заўжды вядзе да руйнавання аўтарытарных рэжымаў. Прыкладам таму Куба, Паўночная Карэя, Ірак. Разам з тым прымяненне еўрапейскімі краінамі эканамічных санкцыяў супраць рэжыма Мілошэвіча ў Сербіі дазволіла дэмакратычнай апазіцыі перамагчы на выбарах і ўзяць уладу. Бо грамадзяне ведалі, што калі зыйдзе Мілошэвіч, санкцыі будуць адмененыя і пачнецца эканамічны росквіт.
Таму на пытанне аб эфектыўнасці эканамічных санкцыяў, паводле Валера Карбалевіча, трэба адказаць, што ў рознай гістарычнай сітуацыі санкцыі маюць розны эфект. Агульных правілаў тут не існуе.
Прызначэнне эканамічных санкцыяў – не шкода грамадству, а ціск на недэмакратычную ўладу
На думку Валера Карбалевіча, эканамічныя санкцыі уводзяцца хутчэй не для таго, каб істотна пагоршыць сацыяльна-эканамічную сітуацыю і такім чынам падштурхнуць насельніцтва да дзеянняў супраць рэжыму.
Перад усім мэтай эканамічных санкцыяў з’яўляецца ўчыніць ціск на недэмакратычны ўрад, прымусіць уладу паважаць палітычныя правы грамадзянаў, пайсці на крокі па шляху лібералізацыі і дэмакратызацыі. Таму звычайна існуе вялікая дыстанцыя паміж увядзеннем (аб’яўленнем) эканамічных санкцыяў і іх прымяненнем.
Увядзенне эканамічных санкцыяў ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім” – менавіта такі прыклад. Санкцыі былі ўведзены не для таго, каб учыніць сапраўдную шкоду эканоміцы Беларусі, а для таго, каб прымусіць аўтарытарны рэжым пайсці на саступкі. Гэта было палітычнае папярэджанне з боку ЗША. Найперш для таго, каб прымусіць вызваліць усіх палітычных вязняў.
Эксперты мяркуюць, што ЗША і ЕС не будуць прымяняць эканамічныя санкцыі, бо не хочуць учыніць шкоду беларускаму грамадству і не хочуць штурхаць Беларусь да Расіі
Петр Марцаў адзначыў, што ЗША толькі абвясцілі аб увядзенні эканамічных санкцыяў. Канкрэтныя дзеянні ЗША адносна Беларусі нельга назваць санкцыямі. Амерыканскія кампаніі пашыраюць закупкі прадукцыі Беларускага металургічнага заводу і калійных угнаенняў. З рэгістрацыяй у Лондане “Беларускага нафтавага дому” яшчэ больш пашырыліся магчымасці беларускіх НПЗ экспартаваць нафтапрадукты ў краіны ЕС.
На думку Андрэя Ляховіча, калі б ЗША прымянялі санкцыі, якія яны абвесцілі, то страты эканомікі Беларусі былі б адчувальнымі. Гандлёвы таваразварот Беларусі з ЗША невялікі. Але значную частку нафтапрадуктаў, якія Беларусь прадае свайму найбуйнейшаму гандлёва-эканамічнаму партнёру сярод краінаў ЕС – Нідэрландам, купляюць амерыканскія кампаніі. То бок прымяненне Штатамі санкцыяў негатыўна бы адбілася на гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі з ЕС.
Эксперты перакананыя, што прымяненне эканамічных санкцыяў мела б негатыўныя наступствы для перспектываў дэмакратызацыі Беларусі
Андрэй Ляховіч адзначыў, што дабрабыт з’яўляецца падмуркам самай галоўнай палітычнай каштоўнасці – незалежнасці Беларусі. Немалая частка грамадства яшчэ вызначае сваё стаўленне да незалежнасці праз магчымасць зарабляць, набываць, спажываць. У гэтых умовах пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі будзе азначаць хістанне пэўнай часткі насельніцтва і ў пытанні незалежнасці краіны.
Акрамя таго, трэба памятаць негатыўны гуманітарны аспект санкцыяў. Панізіцца нараджальнасць. Павялічыцца колькасць разводаў, бо нямала маладых сем’яў не вытрымаюць цяжкасцяў. Будзе яшчэ больш цяжка пэнсіянерам, студэнтам.
Алесь Анціпенка заўважыў, што прымяненне санкцыяў негатыўна адаб’ецца на развіцці беларускай эканомікі і, адпаведна, на ўзроўні жыцця беларускіх грамадзянаў. Вынікам прымянення санкцыяў будзе тое, што грамадзяне хутчэй ўскладуць віну на апазіцыю, чым на рэжым. Санкцыі паспрыяюць далейшай ізаляцыі беларускага грамадства і паменшаць колькасць чалавечых кантактаў з краінамі ЕС. Санкцыі ніякім чынам не адаб’юцца на ўзроўні жыцця, дабрабыту прадстаўнікоў рэжыму. Разам з тым павялічыцца небяспека залежнасці ад Расіі.
На ягоную думку, эканамічныя санкцыі – гэта элемент дыялогу. Яны не з’яўляюцца самадастатковымі. Падобныя санкцыі ва ўмовах Беларусі не могуць быць інструментам змены сітуацыі ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве.
Андрэй Фёдараў мяркуе, што ў цяперашніх умовах у Беларусі любыя эканамічныя санкцыі, якія гіпатэтычна могуць быць уведзеныя і выкарыстаныя, не будуць мець пазітыўных вынікаў. Ураду прыйдзецца звярнуцца да Расіі за падтрымкай. А за яе потым прыйдзецца плаціць, спачатку эканамічнай залежнасцю, якая ў дадзеных абставінах вельмі хутка можа ператварыцца ў палітычную. Акрамя таго, вельмі малаверагодна, што пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі прывядзе да буйнамаштабных антырэжымных выступленняў. Значная частка насельніцтва прыстасуецца да зменаў у сітуацыі, узмацніцца традыцыйная для Беларусі сувязь паміж горадам і вёскай.
У выніку эксперты прыйшлі да высновы, што хоць тэарэтычна нельга адмаўляць магчымасці сітуацыі, пры якой эканамічныя санкцыі могуць быць выкарыстаныя як адзін са сродкаў уплыву на ўнутрыпалітычны працэс, зараз у беларускам грамадстве адсутнічаюць тэндэнцыі і фактары, якія б дазвалялі эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя меры.
Усе навіны


