Добрасуседства атрымала новы імпульс (фота)
У Бруселі адбылася Канферэнцыя па еўрапейскай палітыцы добрасуседства на Усходзе, арганізаваная Еўрапейскім парламентам. У праграму ўключаны 6 усходнееўрапейскіх краін Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова, Украіна і Беларусь. Рух “За Свабоду” у складзе беларускай дэлегацыі прадстаўляў Аляксей Кавалец.
Па словах спадара Аляксея, палітыка добрасуседства праводзіцца ў кантэксце перспектывы магчымага далучэння шасці усходнееўрапейскіх краінаў да Еўразвяза, а на гэтым этапе ўключэння ў праграму сумесных дзеянняў. На канферэнцыі адзначана, што вышэйузгаданыя краіны павінны быць блізкія да Еўропы, уключацца ў еўрапейскую эканамічную палітыку, падзяляць еўрапейскія каштоўнасці, паважаць правы чалавека.
– Імкненне да гэтага маюць усе гэтыя краіны, акрамя афіцыйнай Беларусі. Але ж дэмакратычныя сілы Беларусі лічаць за стратэгічную мэту далучэнне да аб’яднанай Еўропы, што прывядзе да падвышэння дабрабыту нашых грамадзян. Менавіта таму яны і прадстаўлялі Беларусь на гэтай канферэнцыі, – кажа Аляксей Кавалец.
Па словах актывіста Руху, на брусельскай канферэнцыі палітыка добрасуседства была прадстаўлена больш канкрэтызавана. Абвешчана, што на падтрымку праграмы ў наступным годзе вылучаецца 400 мільёнаў еўра. “Гэта канкрэтная праграма, падмацаваная канкрэтным бюджэтам.”, – адзначыла камісар ў справе знешніх сувязяў і палітыкі добрасуседства Беніта Фэрэра-Вальднэр. Для параўнання, за апошнія сем год на праграму было выдаткавана толькі 700 мільёнаў.
Сродкі будуць накіраваны на паглыбленне кантактаў на парламенцкім узроўні паміж краінамі-суседзямі і Еўрасаюзам, а таксама з грамадзянскай супольнасцю, каб спрыяць набліжэнню заканадаўства, палітычных і грамадскіх інстытутаў краін-суседзяў да еўрапейскіх стандартаў, вырашэнню візавых праблем. Плануецца таксама рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, сумесных культурных праграм, якія будуць праводзіцца з кожнай краінай індывідуальна.
“Палітыка добрасуседства павінна выбудоўвацца і вызначацца індывідуальна з кожным удзельнікам, бо менавіта толькі такі дакладны і індывідуальны падыход з’яўляецца залогам яе поспеху. Менавіта такая палітыка – найлепшы шлях для развіцця шчыльных адносінаў з Еўрасаюзам”, – адзначыў у сваім выступе на адкрыцці канферэнцыі прэзідэнт Еўрапарламента Ганс-Герт Пётэрынг.
– На канферэнцыі прынятая заява, якая змяшчае асобны пункт адносна Беларусі. Еўрапарламент выказвае расчараванне, што грамадзяне Беларусі дагэтуль не маюць магчымасці карыстацца ўсімі перавагамі палітыкі добрасуседства па прычыне працягу парушэння правоў чалавека, палітыкі самаізаляцыі беларускіх уладаў. Еўрапарламент заклікае ўлады неадкладна распачаць дэмакратычныя рэформы і станоўча паставіцца да гатоўнасці Еўрасаюза аднавіць стасункі з Беларуссю ў рамках праграмы добрасуседства, як толькі беларускі ўрад прадэманструе павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў і асноўных правоў беларусаў, у прыватнасці, безагаворкава вызваліць усіх палітвязняў, спыніць ціск на незалежныя СМІ і прывядзе выбары ў поўную адпаведнасць з патрабаваннямі АБСЕ,– распавядае Аляксей Кавалец.
Па словах Ганс-Герт Пётэрынга, Еўропа за развіццё нават з крытычнымі рэжымамі. “Мы будзем рабіць крокі ў напрамку дыялогу і гэтая канферэнцыя - адзін з іх”, – адзначыў прэзідэнт Еўрапарламента. Але “палітыка добрасуседства акцэнтуе ўвагу на палітычнай стабільнасці, замацаванню дэмакратычных структураў, павазе правоў чалаваека і пабудове рынкавай эканамічнай сістэмы ў краінах-суседзяў”, – заўважыў далей Ганс-Герт Пётэрынг.
Беніта Фэрэра-Вальднэр падкрэсліла, што Еўропа будзе больш прадуктыўна супрацоўнічаць з Беларуссю, калі там адбудуцца зрухі ў бок павагі дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.



Усе навіны


