Севастопальскі парк – апошні бастыён
Актывіст Руху “За Свабоду”, эколаг Юрась Меляшкевіч лічыць сітуацыю, якая склалася вакол Севастопальскага парку вельмі паказальнай. Ва ўмовах адсутнасці механізмаў грамадскага кантролю прывабныя кавалкі сталічнай зямлі размяркоўваюцца сярод набліжаных да ўладаў бізнэсоўцаў.
На думку Юрася Меляшкевіча, які плануе прыняць удзел у сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі мікрараёна “Усход-2” з нагоды забудовы Севастопальскага парка, улады пакуль не зацікаўленыя ў тым, каб падтрымаць намаганні жыхароў сталіцы па абароне ўнікальнага паркавага масіву.
– Калі я знаёміўся з дакументамі, у мяне склалася ўражанне, што ўсе адказы на звароты жыхароў мікрараёна да розных дзяржаўных ведамстваў і структураў, у якіх людзі паведамлялі пра свае трывогі і прасілі абароніць унікальны парк, пісаліся па аднаму шаблону. Па сутнасці ўсё гэта адпіскі. “Аргументы” рознага кшталту чыноўнікаў сводзяцца да аднаго: “Парк патрабуе добраўпарадкавання, якое будзе праводзіцца”. А што пры гэтым знішчаюцца больш за 1600 шматгадовых дрэваў і зачыняюцца свідравіны пітной вады, прадстаўнікі ўладаў лічаць не вартай узгадкі дробяззю, – распавядае Юрась Меляшкевіч.
– На маю думку назіраецца вельмі небяспечная тэндэнцыя, якая ахоплівае ўвесь Мінск, – працягвае Юрась Меляшкевіч. – Ва ўмовах адсутнасці кантролю з боку грамадства, найбольш прывабныя кавалкі гарадской зямлі, якія зараз каштуюць шалёных грошаў, размяркоўваюцца сярод бізнэс-структураў, якія маюць добрыя стасункі з уладамі. Пры гэтым не ўлічваюцца ні інтарэсы звычайных грамадзян, ні экалагічная альбо гістарычная каштоўнасць гарадскіх тэрыторый.
На думку актывіста Руху, пры далейшым ігнараванні праблемы, некалі адзін з самых зялёных гарадоў, Мінск немінуча ператворыцца ў каменныя джунглі.
Нагадаем, сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі горада, на якой будуць абмяркоўвацца захады па абароне Севастопальскага парку, адбудзецца 12 чэрвеня ў 18.30 каля дыспетчарскай станцыі "Славінскага" (што месціцца на аднайменнай вуліцы).

Усе навіны


