Зборы замест выбараў?
Мазырскіх актывістаў Руху Паўла Наздру і Міколу Жукоўскага забіраюць у войска.
На думку актывіста Паўла Наздры, тэрміновы прызыў на зборы, якія будуць доўжыцца 17 дзён, звязаны з намерам актывіста вылучацца шляхам збору подпісаў у сябры акруговай выбарчай камісіі, якая пачне фарміравацца праз 2 тыдні, адразу пасля абвяшчэння выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў.
Такім чынам, актывісту будзе складана сабраць неабходныя згодна заканадаўству сто подпісаў і перадаць іх у аблвыканкам, каб прэтэндаваць на сяброўства у выбарчай камісіі акругі № 44, якая будзе працаваць падчас маючых адбыцца увосень парламенцкіх выбараў.
Ранкам 11 чэрвеня Павал з’явіўся са сваімі рэчамі ў ваенны камісарыят, каб прайсці медкамісію. У адначас з Паўлам Наздрой позву атрымаў ягоны сябра, таксама актывіст Мікола Жукоўскі.
Нагадаем, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына вельмі нервова пракаментавала з’яўленне спіса сябраў выбарчых камісій ад аб’яднаных дэмакратычных сіл, складзенага удзельнікамі кампаніі “За свабодныя выбары” ініцыяванай Рухам “За Свабоду”. У гэты спіс уваходзіць таксама Павал Наздра. Спадарыня Ярмошына палічыла прапанаваны ад АДС спіс правакацыяй.
Усе навіны



