Штраф замест збораў
Мазырскага актывіста Руху “За Свабоду” Паўла Наздру перадумалі браць у войска. Яго вырашылі аштрафаваць за тое, што ён не паведаміў у ваенкамат пра сваё звальненне.
У ваенкамаце Паўлу паведамілі, што рашэнне заклікаць яго на зборы адмяняецца, паколькі ён ніколі не служыў кухарам у войску. Раней тым жа ваенкаматам было вырашана, што менавіта кухарам ён мусіў адслужыць 19 дзён.
– Гэта мяне ашарашыла. Я прыйшоў у ваенкамат з рэчамі і позвай. І раптам такое… Тым больш я іх папярэджваў, што ніколі не працаваў кухарам, але прызначыць мне працу сувязіста (па маёй спецыяльнасці) яны чамусьці не пажадалі, - распавёў Павал Наздра.
Затое у ваенкамаце Паўлу паведамілі, што на яго складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні. Паводле ваенкома, актывіст парушыў парадак воінскага уліку арт.25.8 ч.1 КоАП, бо не прадаставіў звесткі з апошняга месца працы (Нагадаем, 1 красавіка Паўла Наздру звольнілі за грамадска-палітычную дзейнасць з пасады галоўнага электрыка Мазырскага ўніверсітэта). Гэта бадай першы выпадак, калі ваеннаабавязанага караюць па гэтым артыкуле.
– Мне вярнулі ваенны білет і далі на рукі копію пратаколу аб адміністрацыйным парушэнні. Цяпер мне пагражае штраф ад 2-х да трох базавых велічынь, - паведаміў актывіст Руху.
Ваенны камісар прызнаўся, што загад пакараць Паўла Наздру спушчаны зверху. На думку Паўла, рашэнне аб складанні пратакола адносна яго прынятае дзеля таго, каб пакараць яго за тое, што ён перадаў інфармацыю пра свой раптоўны прызыў у СМІ.
Усе навіны


