English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Рашэнне пра выкладанне гісторыі Беларусі будзе прынятае днямі

16/06/08

Гэтае пытанне разглядаецца на Міжведамаснай радзе Мінадукацыі і будзе прынятае цягам двух тыдняў. Сябра рады Георгій Штыхаў, і гісторык, прыхільнік Руху “За Свабоду” Антон Астаповіч, каментуюць сітуацыю.


Археолаг, доктар гістарычных навук Георгій Штыхаў, які прымаў удзел ў складанні і напісанні падручнікаў па гісторыі Сярэднявечча і перыяду Вялікага Княства Літоўскага, з’яўляўся адным са складальнікаў праграм па выкладанню гісторыі Беларусі, занепакоены тым, што гісторыю збіраюцца выкладаць па-расейску.


– На дадзены момант прымаецца рашэнне менавіта пра форму выкладання. Колькасць гадзін, якая адводзіцца на выкладанне гісторыі Беларусі, не змяняецца. Але мяркуецца, што ў атэстаце будзе пазначаны толькі адзін прадмет – “Сусветная гісторыя”, у межах якога будзе выкладацца гісторыя Беларусі і ўсеагульная гісторыя. Канешне, для маладой незалежнай беларускай дзяржавы скасаванне асобнага прадмета “Гісторыя Беларусі”, не ёсць добрай з’явай, але гэта пашыраная у Еўропе практыка. Мяне больш хвалюе тое, што мова выкладання будзе расейскай. Важна, каб родную гісторыю дзеці вучылі на роднай мове, – упэўнены вядомы гісторык.


Паводле слоў Гергія Штыхава, гісторыя Беларусі будзе выкладацца разам з сусветнай ад 6 да 11 класа. У 6-м класе будуць выкладаць гісторыю ад старажытнасці да 13 стагоддзя, у 7-м – да 16 стагоддзя, у 8-м – увесь перыяд Рэчы Паспалітай, у 9-м будзе вывучацца гісторыя Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Савецкі перыяд, а таксама гістарычны перыяд ад савецкіх часоў да сучаснасці плануецца выкладаць у 10-11 класах. Тэма рэпрэсій у савецкі час увогуле узгадваецца ў адным пункце.


Старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў, прыхільнік Руху “За Свабоду” Антось Астаповіч нагадвае, што гісторыя Беларусі выкладалася як асобны прадмет нават у савецкія часы пры Абецэдарскім. Ён лічыць, што чыноўнікі выкарыстоўваюць аўтарытэтных людзей, каб прасунуць у жыццё сумнеўныя для беларускага грамадства рашэнні.


– У мяне складаецца ўражанне, што вядомых аўтарытэтаў у галіне гісторыі выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Практыка стасункаў з чыноўнікамі паказвае, што часта яны хлусяць літаральна ў вочы. Калі справа тычыла пераносу помніка М.Багдановічу, і я  звяртаўся да намесніка старшыні Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэстве культуры Ігара Чарняўскага, мне быў дадзены адказ, што маўляў, не хвалюйся, ніякага пераноса помніка не будзе. І толькі потым  мы даведаліся, што рашэнне пра перанос скульптуры было праведзена на радзе Міністрэства культуры. Так можа быць і зараз. Я лічу, што не трэба руйнаваць устойлівую сістэму навучання ў школе, эксперэментуючы на вучнях, – лічыць Антось Астаповіч.


Як стала вядома, прапанову вывучаць беларускую гісторыю разам з сусветнай унёс сумнавядомы акадэмік Анатоль Рубінаў, які з жорсткіх матэрыялістычных пазіцый нядаўна рабіў напады на пашырэнне ўплыву хрысціянскіх канфесій на Беларусі.


Усе навіны