Сямашка кажа пра “ядзерны рэнесанс”
Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка адказаў актывістам горацкай антыядзернай групы на ліст, дзе выказвалася нязгода з будаўніцтвам АЭС у Беларусі.
Актывісты Руху “За Свабоду”, якія стварылі антыядзерную групу, прыклалі да ліста, накіраванага ва ўрад, 1000 подпісаў жыхароў рэгіёну, якія выказвалі сваю катэгарычную нязгоду з пабудовай атамнай станцыі.
Яшчэ 1 сакавіка падчас дэпутатцкай справаздачы сабраныя дакументы былі перададзены дэпутатке Палаты прадстаўнікоў Таццяне Асмалоўскай, якая паабяцала іх перадаць у Савет міністраў.
Сямашка ў сваім лісце адзначае, што пабудова АЭС дазволіць забяспечыць 30% патрэбы краіны ў электраэнергіі. Доля прыроднага газа, які амаль увесь расейскі, складае 95% у беларускім энергабалансе, што стварае пэўныя праблемы для забеспячэння энергетычнай бяспекі. Па словах віцэ-прэм’ера, пастаўкі ядзернага паліва маюць больш магчымасцяў для дыверсіфікацыі. Будаўніцтва АЭС нібыта дасць імпульс эканамічнаму развіццю рэгіёна. На думку Сямашкі, ва ўсім свеце зараз назіраецца “рэнесанс ядзернай энергетыкі”. Першы намеснік прэм’ера запэўнівае ў бяспецы сучасных рэактараў, іх большай экалагічнасці. Ён прыводзіць дадзеныя сацыялагічнага маніторынгу, паводле якіх нібыта больш за 50% беларусаў падтрымліваюць пабудову АЭС, а на Магілёўшчыне такую ідэю ўхваляюць больш за 60% насельніцтва.
– Такі адказ нас не можа задаволіць. Мы таксама вывучалі стаўленне жыхароў нашага рэгіёну да будаўніцтва АЭС і я магу сказаць, што лічбы, прадстаўленыя ў лісце Сямашкі не адпавядаюць рэчаіснасці. Паводле нашых дадзеных, больш за 60% жыхароў Магілёўшчыны выступаюць як раз супраць пабудовы АЭС. Збор подпісаў супраць атамнай станцыі актыўна працягваецца. Зараз іх сабрана ўжо 2520, – паведамляе актывіст Руху “За Свабоду” Эдуард Брокараў.
Поўны тэкст ліста віцэ-прэм’ера можна паглядзець тут.
Усе навіны


