English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Фотаплэнэр у абарону Гародні

25/06/08

28-29 чэрвеня ў Гродне ў межах кампаніі па абароне гістарычнай спадчыны горада, пройдзе грамадская фотаакцыя “Адкрый Новы Свет”. Пра гэта паведамілі гарадзенскія актывісты Руху “За Свабоду”.

 

Мэта акцыі – прыцягнуць увагу жыхароў горада да планаў гарадскіх уладаў па рэканструкцыі гарадскога квартала прыватных забудоваў пачатку ХХ ст., вядомага пад назвай “Новы Свет”.


Арганізатарамі фотаакцыі выступілі шэраг грамадскіх арганізацый, грамадзянскіх ініцыятываў, а таксама неабыякавыя жыхары горада. Да ўдзелу ў фотапленэры запрошаныя як вядомыя беларускія фатографы, так і аматары фотасправы. У фотапленэры “Адкрый Новы свет” можа паўдзельнічаць кожны. Клас камеры і досвед у фатаграфаванні значэння не маюць. “Ваш здымак – гэта перш за ўсё сімвал любові да старой Гародні і абароны сваёй культурнай спадчыны”, – тлумачаць арганізатары.


24 чэрвеня, напярэдадні фотаплэнера “Адкрый Новы Свет” актывісты грамадскай ініцыятывы па абароне старога горада раздалі інфармацыйныя ўлёткі жыхарам гэтага квартала. Паводле актывістаў, большасць людзей, што жывуць на вуліцах Новага Свету, з цікавасцю рэагавалі на тое, што іх дамы будуць здымаць рэпарцёры беларускіх газет і фатографы. 


– Некаторыя людзі нават нумары тэлефонаў пакінулі, каб ім паведамілі пра адкрыццё плэнера! – кажа адзін з удзельнікаў кампаніі Зміцер.


– Вельмі хацелася б у працэсе нашых акцый, у тым ліку і фотаплэнера, звярнуць увагу жыхароў Новага Свету на значнасць гэтага раёна для Гродна – тлумачыць гісторык Андрэй Вашкевіч. – Мы спадзяемся, што гродзенцы неўзабаве ўсвядомяць гістарычную, эканамічную каштоўнасць такіх мясцін, як Новы Свет.


Новы Свет – гэта ціхі гарадзенскі квартал са старасвецкімі сядзібамі, выдатнымі помнікамі архітэктуры мадэрну, канструктывізму і неабарока. Гэта адзін з нешматлікіх кавалачкаў Беларусі, дзе застаецца некранутым гарадскі пейзаж пачатку мінулага стагоддзя. Комплекс Новага Света акрэсліваецца  вуліцамі Горкага – Астроўскага – Дзяржынскага –17 верасня – Міцкевіча. Тут жылі многія вядомыя гродзенцы. У Новым Свеце прайшлі дзіцячыя гады беларускага паэта Максіма Багдановіча. Квартал, які сёння называюць Новы Свет, уключылі ў рысу горада 24 чэрвеня ў 1875 годзе. Гэтую дату можна лічыць Днём народзінаў Новага Свету.


Сёння гэтая гістарычная частка Гародні знаходзіцца пад пагрозай знішчэння: мясцовыя “рэканструктары” плануюць знесці большасць дамоў. Жыхароў Новага Свету пачалі перасяляць у спальныя раёны горада. Новыя “гаспадары”, у тым ліку ўрад Масквы, маюць свае планы “ўпарадкавання” гэтага гістарычнага кварталу. Будучыня Новага Света застаецца невядомай.


“Засведчы гісторыю Гародні ХХ стагоддзя! Зрабі СВОЙ здымак Новага Свету! Запрашаем да ўдзелу ў фотаплэнэры “Адкрый Новы Свет”!, – звяртаюцца арганізатары да ўдзельнікаў і жыхароў горада.


Усе ўдзельнікі плэнэра адначасова будуць здымаць вуліцы квартала. Жанр здымка кожны выбірае сам: архітэктурны пейзаж, партрэт, рэпартаж... Вынікі фотаплэнэру будуць выдадзеныя на CD, куды ўвойдуць выбраныя работы кожнага з удзельнікаў акцыі, агляд гісторыі фотаздымку ў Гродна, віртуальная карта Новага Свету.


Удзел у фотаакцыі “Адкрый Новы Свет” адкрыты, далучыцца можа кожны, дастаткова толькі паведаміць аб сваім жаданні на fotaplenerharodnia2008@gmail.com

 


Усе навіны