Мілінкевіч уручыў прэмію “За Свабоду думкі” (фота, відэа)
Лаўрэатамі ўзнагароды сталі Ўладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін і Павал Севярынец.
Пераможцаў вызначыла кампетэнтнае журы з 32 чалавек з дапамогай рэйтынгавага галасавання. Пераможцаў ушаноўвалі на падворку дома-музея Васіля Быкава ў Бычках, што на Вушаччыне. Лідэр Руху “За Свабоду” ва ўрачыстай абстаноўцы ўганараваў лаўрэатаў прэміі “За Свабоду думкі” імя Васіля Быкава бронзавымі статуэткамі скульптара Віктара Копача і памятнымі дыпломамі.
Гісторыя заснавання прэміі сваімі каранямі сыходзіць у 2006 год, напрыканцы якога лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч быў узнагароджаны прэміяй “За Свабоду думкі” Еўрапейскага парламента. У сваім выступе тады ён адзначыў, што насамрэч гэтай прэміі вартыя тыя, хто самааддана змагаўся за вольную Беларусь, падчас тагачасных прэзідэнцкіх выбараў і адмовіўся ад прэміі на карысць ахвяраў палітычных рэпрэсій. Летась у Бычках, на адзначэнні дня народзінаў Васіля Быкава, Аляксандр Мілінкевіч абвясціў пра заснаванне нацыянальнай прэміі “За Свабоду думкі”, дзеля ушанавання асобаў, творчая і грамадская дзейнасць якіх скіравана на карысць Беларусі і Свабоды. Сёлета прэмія знайшла першых трох сваіх лаўрэатаў. У наступныя гады будзе вызначацца адзін пераможца.
Мерапрыемства атрымалася вельмі прадстаўнічым. Сярод гасцей былі заўважаны Радзім Гарэцкі, Зінаіда Бандарэнка, Алесь Пушкін, Людміла Гразнова, Аляксандр Старыкевіч, Раман Якаўлеўскі, Станіслаў Шушкевіч, Валянцін Акудовіч, Ада Райчонак, Уладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута, Марына Коктыш, Уладзімір Халіп, Вячаслаў Сіўчык, Валеры Мазынскі ды іншыя. Перад святочным сталом айцец Акаловіч прачытаў малітву. Адпаведны нязмушаны і прыўзняты настрой стварылі песні, якія перад удзельнікамі сустрэчы выканалі Віктар Шалкевіч і Андрэй Плясанаў.
Але ж свята спадабалася не ўсім. Прадстаўніца ўшацкага райвыканкама прыгразіла загадчыцы музею Васіля Быкава спадарыне Антаніне, што звольніць яе за тое, што тая не прадала білеты ўсім удзельнікам імпрэзы. Насамрэч прысутныя ахвяравалі ў гэты дзень на музей значна большую суму.
Непадалёк стаялі міліцыянты і людзі ў цывільным, якія сачылі за імпрэзай, але не заміналі.



Астатнія фота глядзіце тут
Відэафрагмент прамовы Мілінкевіча тут
Усе навіны


