Ці здольная міліцыя злавіць хуліганаў?
У ноч на 5 ліпеня невядомыя праніклі на сядзібу Аляксандра Мілінкевіча ў вёсцы Бершты і пашкодзілі прыпаркаваныя аўто.
Злачынцы праніклі ў двор і прабілі чатыры колы на двух машынах. У гэты час Аляксандр Мілінкевіч разам з сям’ёй знаходзіўся дома. Суседзі Аляксандра Мілінкевіча сцвярджаюць, што бачылі блізу ягонага дома немясцовыя машыны з падазронымі людзьмі.
На нядзелю 6 ліпеня ў Аляксандра Мілінкевіча запланаваныя сустрэчы з будучымі кандыдатамі ў Палату Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусі па Гарадзенскай вобласці. Менавіта, гэтым планам, на думку Аляксандра Мілінкевіча, і спрабавалі перашкодзіць невядомыя.
– Я ведаю, што супраць гэтых сустрэч выступае ўлада. Але, усе запланаваныя сустрэчы адбудуцца, і нават не будуць перанесеныя, – заявіў лідэр Руху “За Свабоду”.
Падобным чынам, улада, спрабавала сарваць у красавіку бягучага году сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі Мастоў і Гродна. Тады невядомымі былі пашкоджаныя чатыры машыны, якія знаходзіліся ў двары дома Аляксандра Мілінкевіча. На месцы здарэння засталіся сляды вайсковых берцаў.
Нягледзячы на тое, што пашкоджанне аўтамабіля Мілінкевіча адбывалася на Гарадзеншчыне некалькі разоў, мясцовая міліцыя пакуль так і не змагла адшукаць злодзеяў.
Усе навіны


