English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

За Мінск для людзей

07/07/08

4 ліпеня ў Мінску па ініцыятыве Руху “За Свабоду” адбыўся сход прадстаўнікоў лакальных грамадзянскіх ініцыятыў у абарону правоў гараджан.

 

Неабходнасць у стварэнні ініцыятыў з’явілася пасля пашырэння практыкі ўшчыльненых забудоў у жылых мікрараёнах, знішчэння зялёных масіваў пад выглядам добраўпарадкавання, “экскаватарнай рэканструкцыі” помнікаў архітэктуры, якія адбываюцца са згоды гарадскіх уладаў. Людзі пачынаюць разумець, што чыноўнікі не хочуць бараніць іх правы, і намераны адстойваць іх самі. Яны звярнуліся у Рух “За Свабоду” па арганізацыйную ды юрыдычную падтрымку, які і дапамог правесці сход.

 

Грамадзянскія ініцыятывы, якія ўзніклі ў шасці раёнах сталіцы (Паўднёвы Захад, Малінаўка, Уручча, Сухарава, Усход і іншыя), маюць на мэце абарону правоў мінчукоў на ўтульны і камфортны асяродак, чыстую пітную ваду і паветра, бясплатныя паркоўкі для машын жыхароў, змагаюцца за паляпшэнне сацыяльна-побытавых умоў для тых, хто жыве ў “спальных” раёнах.

 

– На сёння ў жыллёвай гаспадарцы Мінска вельмі шмат праблемаў, на якія зачыняе вочы ўлада. Мы вымушаны пастаянна рабіць грамадзянскі ціск на чыноўнікаў, каб гэтыя праблемы вырашаліся. Напрыклад, у Сухарава, дзякуючы намаганням актывістаў распачата і хутка завершыцца будаўніцтва паліклінікі. Зараз у нас ды іншых раёнах Мінску вядзецца бяздумная забудова зялёных зонаў, у выніку якой пагаршаецца якасць асяродка і ўмовы жыцця людзей, – кажа прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы Сухарава Алесь Лагвінец.

 

Удзельнікі сходу дамовіліся аб стварэнні Каардынацыйнай Рады, каб абменьвацца досведам і дапамагаць адзін аднаму вырашаць арганізацыйныя, юрыдычныя і іншыя пытанні, якія могуць узнікаць падчас дзейнасці ініцыятыў. Сябры ініцыятыў заклікаюць далучацца да іх дзейнасці ўсіх жадаючых жыхароў сталіцы.


Усе навіны