Ці ведае Лукашэнка пра Севастопальскі парк?
Рух “За Свабоду” правёў паседжанне грамадзянскай ініцыятывы па абароне Севастопальскага парку.
У паседжанні прымалі ўдзел жыхары Першамайскага раёна і эксперты. Прысутныя разгледзелі і прааналізавалі сабраныя дакументы і вызначыліся з далейшай тактыкай кампаніі ў абарону парку.
Згодна інфармацыі Мінскай гарадской землеўстаноўчай і геадэзічнай службы тэрыторыя Севастопальскага парку мае статус ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны (86 ЛР-2). Калі ўлады меліся чарговы раз распачаць забудову парку ў 2003-м годзе, мясцовыя жыхары ўсталі на яго абарону. Яны пачалі перапіску з усімі магчымымі ўладнымі інстанцыямі. З Генпракуратуры прыйшоў адназначны адказ. Надзорны орган забараніў усялякае будаўніцтва на ахоўваемай Законам тэрыторыі.
Зацікаўленыя ў будаўніцтве структуры не адмовіліся ад ідэі “прыватызаваць” ласыя кавалкі сталічнай зямлі. Ужо распрацаваны і зацверджаны дэтальны план забудовы парка. На сустрэчы з жыхарамі раёна старшыня Першамайскага раёна Мікалай Котаў катэгарычна заявіў, што план зацверджаны Камітэтам архітэктуры і адмаўляцца ад яго ніхто не збіраецца. Чыноўнікі спасылаюцца на ўказ Лукашэнка ад 29 лістапада 2005 года № 568 “Пра ўнясенне дапаўненняў ва ўказ прэзідэнта ад 23 красавіка 2003 г. № 165”. Ён мае дапаўненне, згодна з якім з ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны Севастопальскага парку выводзяцца 9 га зямлі, з якіх 2,2 га адводзіцца пад жыллёвую забудову.
Аднак актывісты грамадзянскай ініцыятывы атрымалі на свой запыт адказ з Мінскай гарадской землеўстаноўчай і геадэзічнай службы датаваны 30.05.2007 г., дзе ясна адзначалася, што тэрыторыя парку адносіцца да ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны і знаходзіцца пад абаронай прыродаахоўнага заканадаўства. Па словах актывіста грамадзянскай ініцыятывы па абароне парку Валянціны Шалейнікавай, дэтальны план прадугледжвае буйное будаўніцтва і на іншых вялізных кавалках парку, якія не ўзгадваюцца ва ўказе № 568, што абсалютна незаконна, бо не падмацавана ніякімі дакументамі.
На паседжанні грамадзянскай ініцыятывы па абароне Севастопальскага парку вырашана звярнуцца з лістом пра парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства ў Міністэрства аховы прыроды.
– Мы будзем і надалей выкарыстоўваць усе законныя шляхі, каб абараніць правы мінчукоў на спрыяльны для жыцця асяродак і звяртацца дзеля абароны інтарэсаў людзей ва ўсе структуры, у тым ліку міжнародныя, бо на нашым баку праўда, – кажа актывіст Руху “За Свабоду”, жыхар Першамайскага раёну Віктар Янчурэвіч.
Усе навіны


