Аляксандру Меху пагражалі па тэлефоне
Як выявілася, звольненаму за намер балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актывісту Руху “За Свабоду” Аляксандру Меху тэлефанавалі з кобрынскай прыёмнай дэпутата Віктара Кучынскага.
Як распавёў Аляксандр Мех, яму патэлефанаваў незнаёмы, які выказаў абурэнне тым, што інфармацыя пра ціск на актывіста стала публічнай. Патэлефанаваўшы пачаў абражаць і пагражаць Аляксандру Меху. Актывіст заявіў: “я з вамі больш размаўляць не буду” і паклаў слухаўку.
На тэлефонным апараце актывіста быў зафіксаваны нумар званіўшага абанента, які, паводле даведніка, зарэгістраваны на кобрынскую прыёмную дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Учора Аляксандр Мех падаў заяву на імя пракурора Кобрынскага раёна М. Запарошчанка з патрабаваннем знайсці тэлефоннага “хулігана” і прыцягнуць яго да адказнасці згодна заканадаўству. Актывіст таксама ў асабістай размове з пракурорам выказаў меркаванне, што тэлефонныя пагрозы звязаныя з ягоным намерам балатавацца ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на восеньскіх выбарах.
Пракурор паабяцаў правесці праверку і даць адказ на заяву Александра Меха праз 10 дзён.
Усе навіны


