Актывіста Руху апыталі ў міліцыі
Дзяніса Турчэняка настойліва запрасілі на гутарку ў РАУС Маскоўскага раёна Брэста з нагоды выбуху ў Мінску 4 ліпеня. Актывіста папярэдзілі, што ў выпадку адмовы яго абвесцяць у вышук.
Актывісту Руху "За Свабоду" ранкам патэлефанаваў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Максім Болдзік, які настойліва запрасіў маладога чалавека ў раённы аддзел міліцыі на размову, якая тычыць выбуху ў Мінску. Просьбу Турчэняка перанесці сустрэчу, улічваючы занятасць і выходны дзень следчы не задаволіў. Ён пачаў ціснуць на актывіста, казаць, што, калі той не з’явіцца, яго абвесцяць у вышук.
Візіт у міліцыю быў нібыта добраахвотны. Але міліцыянты ў райаддзеле сказалі актывісту, што “калі мы захочам, то знойдзем, як даставіць цябе прымусова”.
Міліцыянт Максім Болдзік задаваў пытанні наконт аўтамашыны Дзяніса Турчэняка, каму яна належыць, дзе быў актывіст 3 і 4 ліпеня, ці мае ён сваякоў, сяброў, знаёмых у Мінску. Следчага надзвычай цікавілі падрабязнасці пра жыццё брата Дзяніса Турчэняка, Канстанціна, які зараз знаходзіцца ва Ўкраіне. Адказы заносіліся ў бланк апытання, якіх на стале ў следчага быў ладны стос.
На пытанне актывіста, чаму міліцыянты выклікалі менавіта яго, быў адказ, што апытваюцца ўсе неўраўнаважаныя і судзімыя. Але ж Дзяніс Турчэняк не належыць ні да першай, ні да другой катэгорыі. Тады следчы сказаў, што правяраюць усіх, каго лічаць патрэбным. Міліцыянт пазней прызнаўся, што выклікаюць у міліцыю паводле спісу, дасланага з Мінску.
– Я лічу, што такім чынам, з дапамогі міліцыі, ладзіцца псіхалагічны ціск на дэмакратычных актывістаў па усёй краіне, – кажа актывіст Руху “За Свабоду”.
Пасля апытання міліцыянты прапанавалі актывісту пакінуць для картатэкі адбіткі пальцаў і здаць аналіз ДНК. Турчэняк пасля кансультацыі з адвакатам пагадзіўся толькі на адбіткі пальцаў.
Усе навіны


