Аляксандр Мілінкевіч накіраваў ліст А.Казуліну
Паважаны Аляксандр Уладзіслававіч!
Кааліцыя аб'яднаных дэмакратычных сіл лічыла і лічыць важнай умовай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах кансалідацыю ўсіх прыхільнікаў перамен. Суб'екты кааліцыі даказалі на справе сваю гатоўнасць і вартасць да аб'яднання дзеля дасягнення агульнай мэты -- дэмакратызацыі Рэспублікі Беларусь.
Сёння наступіў крытычны момант для прыняцця рашэння аб удзеле ў выбарчай кампаніі адзінага дэмакратычнага кандыдата. На нашу думку, усе дэмакратычныя сілы Беларусі павінны дамовіцца па гэтым пытанні да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Цэнтральнай выбарчай камісіяй, каб не аддаваць ініцыятыву ўладам і не прадастаўляць ёй магчымасць выбраць для сябе больш зручнага апанента.
Мы прапануем, каб каманды двух прэтэндэнтаў -- А.Казуліна і А.Мілінкевіча -- сумесна сфармулявалі крытэрыі, на падмурку якіх магчыма было б не пазней, як 15 лютага 2006 года вызначыць аб'ектыўна больш моцнага дэмакратычнага кандыдата. Такімі крытэрыямі маглі б стаць: колькасць сябраў ініцыятыўнай групы і колькасць здадзеных у тэрытарыяльная выбарчыя камісіі подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты; наяўнасць палітычных і грамадскіх стуктур, што заявілі аб падтрымцы прэтэндэнта; дадзеныя незалежных сацыялагічных даследванняў аб пазнавальнасці і рэйтынгу папулярнасці прэтэндэнтаў; міжнародная падтрымка і інш. (зразумела, пералік крытэрыяў можна пашыраць з улікам меркаванняў абодвух бакоў).
Мы перакананы, што ў нас ёсць рэальная магчымасць дасягнуць згоды па ўдзеле у выбарах толькі адзінага дэмакратычнага кандыдата. У гэтым, у прыватнасці, пераконвае вопыт сумеснай працы па арганізацыі Кангрэса дэмакратычных сіл Беларусі, у якім, як вядома, прынялі актыўны ўдзел і сябры БСДП (Г).
З павагай,
А.Мілінкевіч
4 лютага 2006 г.
Усе навіны


