Пенсійная рэформа: 55 адсоткаў дзяржбюджэту - на патрэбы пенсіянераў
Праблемы дэмаграфіі і пенсійнай рэформы абмяркоўвалі сёння ўдзельнікі "круглага стала" на тэму “Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі. Пенсійная рэформа”. Арганізатарам дыскусіі выступіў Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмакратычных сілаў, які рыхтуе пакет рэформ для будучага ўрада Аляксандра Мілінкевіча.
Вырашэнне дэмаграфічнай праблемы, на думку ўдзельнікаў "круглага стала", павінна стацца адной з галоўных задач новага ўрада. Краіна кожны год страчвае 50 тысяч чалавек, сітуацыя з хворымі на сухоты і сіфіліс набліжаецца да эпідэміялагічнай. Расце колькасць дзяцей, якія нараджаюцца па-за шлюбам, застаюцца без апекі бацькоў, маюць хранічныя паталогіі. На сённяшні дзень нараджэнне дзіцяці на 30-40 адсоткаў павялічвае рызыку траплення ў сітуацыю галечы.
Непасрэдна з праблемамі дэмаграфіі звязана і пэнсійная рэформа. Выплата пенсіяў - фундаментальны абавязак дзяржавы. У праекце пенсійнай рэформы, прапанаваным Нацыянальным камітэтам, 55 адсоткаў дзяржаўнага бюджэту - гэта выдаткі на пенсійныя выплаты. Павінна існаваць накапляльная сістэма пенсійнага забеспячэння, а дзяржава гарантаваць індывідуалізацыю пенсійнага страхавання, празрысты кантроль укладаў у пенсійныя фонды.
Толькі прыняцце адэкватных сацыяльна-эканамічных рэформаў будзе спрыяць вырашэнню гэтых праблем, канстатавалі ўдзельнікі дыскусіі.
Усе навіны


