Мілінкевіч збіраў подпіcы ў Лепелі і Глыбокім (абноўлена)
Да прыезду Аляксандра Мілінкевіча ў Віцебскім КДБ правялі прафілактычную размову з намеснікам кіраўніка Віцебскай абласной рады Партыі БНФ, актывістам Руху “За Свабоду” з Глыбокага Яраславам Берніковічам і яго жонкай.
- Нам паведамілі, што Яраслава забралі ў КДБ па той прычыне, што ў інтэрнеце з’явіўся матэрыял пра тое, што яго жонку Іну Берніковіч не так даўно выклікалі ў КДБ, а насамрэч яе выклікалі ў міліцыю. Пра правільнасць падачы звестак і вядзецца там размова, - паведаміў Аляксандр Мілінкевіч. – Але на самой справе я думаю, што галоўнай прычынай затрымання з’яўляецца наш сённяшні прыезд у Глыбокае, каб дапамагчы ў зборы подпісаў Яраславу, які балатуецца па Глыбоцкай акрузе.
Яраслаў Берніковіч на сённяшні дзень мае 3600 подпісаў – гэта найлепшы вынік па ўсёй Беларусі, таму ён даволі сур’ёзны праціўнік для кандыдата ад улады, якім тут з’яўляецца старшыня Віцебскага аблвыканкаму Віктар Андрэйчанка.
Нагадаем, сёння з візітам у Лепелі і Глыбокім быў лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, сябра ініцыятыўнай групы Аляксея Александровіча (Лепель) і Яраслава Берніковіча (Глыбокае). Ён адзначае, што вельмі агрэсіўна вядзе сябе ўлада менавіта ў Віцебскай вобласці. “Ды і людзі тут запалоханы, але пратэстныя настроі ўсё ж адчуваюцца”, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Пасля збору подпісаў адбылася размова лідэра Руху “За Свабоду" з начальнікам КДБ.




Усе навіны



