У Хойніках Мілінкевіча сустрэлі хлебам-сольлю
Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч збіраў подпісы за вылучэнне ў кандыдаты па Хойніцкай выбарчай акрузе дэмакратычнага прэтэндэнта Леаніда Судаленкі.
Каля хойніцкага рынку “Юбілейны” лідэра Руху “За Свабоду” мясцовыя дэмакратычныя актывісты сустрэлі вельмі ўрачыста: яму паднеслі каравай хлеба і кветкі.
Па словах сябра АГП, прэтэндэнта ў кандыдаты Леаніда Судаленкі, у людзей істотна выраслі пратэстныя настроі. Значная частка працаздольнага насельніцтва з’ехала шукай лепшай долі ў Расею альбо ва Ўкраіну.
– Людзі падпісваюцца. Заходзіш у кватэру – там адны жанчыны. Скардзяцца на свой цяжкі лёс. Мужчыны паз’язджалі ў іншыя краіны, каб зарабіць грошы для сям’і, бо тут гэта зрабіць немагчыма. Амаль усё хойніцкае насельніцтва да 2008 года атрымлівала даплаты, бо тэрыторыя забруджана радыяцыяй. Цяпер гэтага няма. Людзі пакрыўджаны, – кажа Леаніда Судаленка.
Прэтэндэнт ад дэмакратычных сілаў Леанід Судаленка ўжо сабраў 1200 подпісаў.
Да Аляксандра Мілінкевіча падыходзілі пераселеныя пасля Чарнобыля ў горад пенсіянеры, якія раней працавалі на вёсцы. Яны скардзіліся на вельмі нізкія вясковыя пенсіі. Людзі, якія бывалі ва Ўкраіне, пыталіся чаму там істотна падвысілі пенсіі, робяць выплаты яшчэ савецкіх зберажэнняў, а ў нас такога няма.
За пікетам з удзелам Аляксандра Мілінкевіча назіралі апранутыя ў цывільнае супрацоўнікі міліцыі і КДБ. На развітанне лідэр Руху “За Свабоду” падзякаваў афіцеру міліцыі за карэктныя паводзіны яго падначаленых, на што той са сціплай усмешкай адказаў: “Няма за што. Гэта ж наш абавязак – забяспечваць бяспеку такіх асобаў як Вы”.






Усе навіны


