Здаў подпісы – прыходзь у міліцыю
Вылучэнцу ў кандыдаты ў дэпутаты Мікіту Краснову праз паўгадзіны пасля здачы дакументаў на рэгістрацыю патэлефанавалі з Заводскага РУУС.
Суразмоўца прапанаваў Мікіце Краснову з’явіцца на гутарку ў райаддзел. Міліцыю цікавіць інфармацыя пра выбух, які адбыўся ў Мінску 4 ліпеня.
– На маю думку гэта звязана з тым, што я падаў дакументы на рэгістрацыю ў акруговую камісію. Ціск працягваецца. На прыкладзе маіх паплечнікаў магу казаць, што звычайна такія запрашэнні на гутарку скончацца “суткамі”. Некалькі маіх актывістаў адседзелі па сфабрыкаваных адміністрацыйных справах. Каля 15 чалавек выклікаліся на размову па справе выбуху. Таму я адмовіўся ісці ў РУУС без афіцыйнай позвы, – кажа Мікіта Красноў.
Студэнт ЕГУ, будучы палітолаг Мікіта Красноў вылучаецца ў кандыдаты ў дэпутаты па Аўтазаводскай выбарчай акрузе шляхам збору подпісаў. Яго ініцыятыўная група разам з Аляксандрам Мілінкевічам здала сабраныя подпісы і іншыя неабходныя для рэгістрацыі дакументы ў акруговую камісію. Нагадаем, лідэр Руху “За Свабоду” удзельнічаў у пікеце Мікіты Краснова, які ладзіўся ў Чыжоўцы, калі кіно “Дружба” 10 жніўня.
Усе навіны


