Мілінкевіч сустрэўся з кіраўніком назіральнікаў АБСЭ
Лідер Руху “За Свабоду” распавёў кіраўніку місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ Герту Арэнсу пра хаду выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Падчас размовы ўвага прадстаўніка АБСЕ акцэнтавалася на выніках фарміравання акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў. Як вядома, у склад участковых камісіяў, якія павінны весці падлік галасоў, ад дэмакратычных сілаў трапілі адзінкі. Аляксандр Мілінкевіч распавёў пра сваё бачанне выбарчага працэсу ў Беларусі, пра кампанію “За Свабодныя выбары”, а таксама паводзіны ўладаў у дачыненні да дэмакратычных кандыдатаў і сябраў іх ініцыятыўных груп.
Падкрэсліўшы, што выбараў у нармальным сэнсе слова ў Беларусі няма, лідэр Руху “За Свабоду” вітаў прысутнасць назіральнікаў АБСЕ у Беларусі. Апроч тэстаў на ўключэнне прадстаўнікоў дэмсілаў у склад акруговых і ўчастковых камісіяў, Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што важна настойваць на тым, каб назіральнікі мелі магчымасць рэальна сачыць за падлікам галасоў і бачыць, што пазначана ў бюлетэнях. Для гэтага ЦВК павінна дазволіць прысутнічаць назіральнікам у непасрэднай блізкасці ад сталоў, на якіх вядзецца падлік галасоў. Прозвішчы кандыдатаў падчас падліку галасоў павінны агучвацца.
Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што інфармацыя пра колькасць выбарцаў па кожным участку павінна быць агульнадаступнай за тыдзень да выбараў, а афіцыйныя вынікі па кожным участку, а не толькі акрузе, павінны друкавацца ў прэсе і вывешвацца на сайце ЦВК.
Усе навіны



