У Баранавічах выйшла кніга пра каханне
Пры падтрымцы Руху “За Свабоду” выйшла кніга баранавіцкага паэта Алеся Корнева “Пад зоркай Мілавіцай: з дзённіка закаханага”.
Алесь Корнеў адзін з самых таленавітых паэтаў найноўшай гісторыі Баранавіцкай зямлі. Гэта ўжо яго 10-я кніга.
– Вершы зборніка “Пад зоркай Мілавіцай” напісаныя пад уплывам асабістых перажыванняў паэта. Яны адзначаюцца ёмістасцю шчырых роздумаў аб усплёсках закаханасці. Тэма кахання, любоўна-лірычных адносін паміж мужчынай і жанчынай, пранізвае дзённікавыя запісы Алеся Корнева, – лічыць актывіст Руху “За Свабоду” Віктар Сырыца.
Па словах спадара Віктара, паэтычны твор “Пад зоркай Мілавіцай” апавядае не пра родны куточак, палі і лугі, не пра цяжкую беларускую долю, сенажаці, хаты дый лясы. Гэтыя вершы, найперш, пра каханне, пра эротыку, якой здаўна не хапае беларускай паэзіі.
Кніга распаўсюджваецца падчас культурніцкіх імпрэзаў, якія ладзяць баранавіцкія актывісты Руху “За Свабоду”. Яе таксама можна замовіць, даслаўшы мэйл на адрас tatus@tut.by

Усе навіны


