English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Мінская міліцыя паспрабавала сарваць працу мабільнага пункта збору подпісаў у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча

13/01/06

Як паведамляла прэс-служба штаба адзінага прэтэндэнта, сёння ў 13.00 на рынку "Ждановічы" пачаў сваю працу мабільны пункт збору подпісаў грамадзян у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча. Каля зборшчыкаў подпісаў выстраілася агромністая чарга - падпісваліся як прадпрымальнікі, так і наведнікі рынку. Усе актыўна выказвалі сваю падтрымку адзінаму прэтэндэнту ад дэмакратычных сіл.

У 13.20 сябры ініцыятыўнай групы, якія збіралі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, былі затрыманы супрацоўнікам міліцыі Сяргеем Шыманскім, прычына затрымання не была растлумачана. Ніякага канкрэтнага абвінавачвання прад'яўлена не было. Людзі, якія сабраліся вакол пункта збору, актыўна пратэставалі супраць незаконнага затрымання, спрабавалі абараніць зборшчыкаў подпісаў.

Аднак сябраў ініцыятыўнай групы даставілі ў апорны пункт міліцыі, размешчаны на тэрыторыі рынку. Пачаліся ўзгадненні па тэлефоне з вышэйшымі органамі. У гэты час прадстаўнікі Мінскага гарадскога штаба адзінага пазванілі ў апорны пункт і патлумачылі неправамернасць затрымання. Міліцыянты паабяцалі выбачыцца і адпусціць зборшчыкаў подпісаў.

Але праз паўгадзіны сябры ініцыятыўнай групы былі дастаўлены ў Цэнтральны РУУС Мінска. Пасля ўзгаднення з яшчэ болей высокім начальствам іх адпусцілі. Прабачэнняў за неправамерныя паводзіны не паследавала.

Наступным пунктам збору подпісаў мабільнай групы павінна была стаць прахадная завода "Атлант". Можна меркаваць, што затрыманне адбылося з мэтай не дапусціць сустрэчу сябраў ініцыятыўнай групы з рабочымі завода.

Але, тым не менш, пункт збору подпісаў пачаў сваю працу каля прахадной завода. Рабочыя актыўна падпісваліся ў падтрымку Аляксандра Мілінкевіча.


Усе навіны