English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

“За свабодныя выбары!” – першы этап пройдзены

02/09/08

Пра вынікі ініцыяванай Рухам “За Свабоду” кампаніі “За свабодныя выбары!” распавядае яе каардынатар, намеснік кіраўніка Руху Віктар Карнеенка.

 

– Раскажыце, калі ласка, пра хаду кампаніі “За свабодныя выбары!”

 

– Мы ставілі перад сабой дзве мэты: дабіцца дэмакратызацыі выбарчай кампаніі альбо дамагчыся змены грамадскай думкі ў ацэнках выбарчай кампаніі на карысць дэмакратычных сіл. Беларускаму  рэжыму вельмі патрэбна, каб міжнародная супольнасць прызнала выбары 2008 года легітымнымі. У гэтай сітуацыі дэмакратычныя сілы былі абавязаны выкарыстоўваючы палітычны момант, альбо дамагчыся рэальнай лібералізацыі выбарчага працэсу, альбо выкрыць касметычнасць прымаемых уладамі захадаў.

 

– Як бачна, дэмакратызаваць выбарчы працэс улада не збіраецца. Ці насамрэч людзі не ведаюць сапраўднага аблічча беларускіх выбараў?

 

– Адной з найбольшых праблем, звязанных з правядзеннем усіх электаральных кампаній з’яўляецца тое, што да апошняга часу для грамадзян Беларусі, яны дастаткова ўдала маскіраваліся пад дэмакратычныя. Напрыклад, па дадзеных НІСЭПІ выбары 2006 года каля 70%  грамадзян краіны ацанілі як адносна дэмакратычныя. Таму галоўнай мэтавай групай, на якую скіроўвалася дзейнасць АДС праз кампанію “За справядлівыя выбары!”, гэта беларускія выбаршчыкі. У першую чаргу ім, а не толькі міжнароднай супольнасці, трэба прадэманстраваць рэальнае становішча спраў з выбарамі ў Беларусі.

 

– Што ўдалося зрабіць у межах кампаніі “За свабодныя выбары!”?

 

– Можна казаць, што ўжо пройдзена першая частка кампаніі, якая складалася з трох асноўных блокаў:

 

Падрыхтоўка і ўнясенне на разгляд 6 праектаў Пастаноў ЦВК. Па сутнасці, усе патрабаванні зводзіліся да таго, каб даць гарантаванае права ўсім палітычным партыям, што ўдзельнічаюць у выбарах, мець хаця б аднаго свайго прадстаўніка ў складзе кожнай з акруговых і участковых выбарчых камісій, забяспечыць магчымасць усім кандыдатам у дэпутаты бесперашкодна весці перадвыбарчую агітацыю, правесці працэдуру падліку галасоў у строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, гарантаваць назіральнікам рэальную магчымасць адсочваць працэдуру падліку галасоў. Пры гэтым мы прапаноўвалі ўладам абмеркаваць праблемныя пытанні, каб разам знайсці кампраміснае паразуменне. На жаль, усе нашы прапановы былі адхіленыя.

 

Другі блок – вылучэнне прадстаўнікоў АДС па адзінаму спісу ў акруговыя выбарчыя камісіі. На конкурснай аснове, па рашэнню Палітрады АДС у кожную са 110 выбарчых акруг быў вылучаны адзін кандыдат. Паводле заканадаўства ў склад акруговых камісій могуць уваходзіць ад 9 да 13 чалавек. Як бачна, АДС свядома прэтэндавалі толькі на 7-10% месцаў у акруговых выбарчых камісіях, што, зразумела, недастаткова, каб сур’ёзна ўплываць на прыняцце рашэнняў. Галоўная мэта, якой АДС хацелі тут дасягнуць, гэта мець дакладную інфармацыю пра дзейнасць кожнай з камісіі. Усяго ў склад акруговых камісій уключана 36 кандыдатаў з адзінага спісу (менш за 3% ад агульнай колькасці членаў камісій), што канечне не сведчыць пра намер уладаў правесці дэмакратычныя выбары.

 

Наступны наш крок – вылучэнне прадстаўнікоў АДС ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.  Па дадзеных ЦВК у Беларусі прыкладна 6,5 тысяч выбарчых участкаў і, адпаведна, столькі ж участковых выбарчых камісій. Паводле Выбарчага кодэксу, у склад участковых выбарчых камісій можа ўваходзіць ад 5 да 19 чалавек (у сярэднім 12 чалавек). АДС патрабавалі ўключыць у склад участковых камісій 1100 кандыдатаў, вылучаных палітычнымі партыямі і яшчэ 200 кандыдатур, вылучаных па ініцыятыве выбаршчыкаў шляхам збору іх подпісаў. Фактычна апазіцыйныя сілы прэтэндавалі менш чым на 2% месцаў у складзе участковых выбарчых камісій. Персанальна ў склад камісій прапаноўваліся былы член Канстытуцыйнага Суда А. Фадзееў, вядомыя  праваабаронца Г. Паганяйла, А. Волчак, адвакат В. Страмкоўская, палітолагі А Фядута, А, Федараў, В. Сіліцкі, А. Ляховіч. Зразумела ўсім ім, як і іншым сотням кандыдатаў ад АДС, месца ва ўчастковых камісіях, па рашэнню адпаведных органаў улады, не знайшлося. Усяго ў склад  камісій патрапілі толькі крыху больш за 40 прадстаўнікоў АДС, што адпавядае прыкладна 0,05% ад сярэдняга значэння агульнай колькасці членаў камісій. У сваёй большасці гэта камісіі “закрытага” тыпу, напрыклад, створаныя пры лячэбных установах (шпіталях, дыспансерах), альбо ў аддаленых сельскіх населенных пунктах з невялікай колькасцю выбаршчыкаў.

 

– Як Вы ацэньваеце першы этап кампаніі? Ці атрымаецца данесці праўду да беларускіх выбаршчыкаў?

 

– Ці была праведзеная кампанія паспяховай? У сваёй першай частцы – безумоўна! Мы атрымалі пераканаўчыя аргументы і факты таму, што выбары 2008 года не з’яўляюцца празрыстымі, дэмакратычнымі і адпавядаючымі еўрапейскім стандартам і стандартам АБСЕ. Для нязгодных з гэтай высновай прапаную пайсці ад зваротнага. Уявіце, што дэмакратычныя сілы не сфармулявалі б свае патрабаванні ўладам, не вылучалі б сваіх кандыдатаў у дэпутаты і  прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Вынікі чаго б мы сёння тады ацэнівалі?

 

Выніковасць другой часткі і кампаніі, інфармацыйнай, будзе залежаць ад таго, як дэмакратычныя сілы змогуць данесці да беларускіх выбаршчыкаў праўду аб сутнасці сваіх патрабаванняў і рэакцыі на іх уладаў.


Усе навіны