Людзі адной каманды (фота)
У актавым памяшканні ЖЭС № 96, што ва Ўруччы, адбылася сустрэча з кандыдатам у дэпутаты Алесем Міхалевічам з удзелам Аляксандра Мілінкевіча.
Алесь Міхалевіч падчас свайго выступу акцэнтаваў увагу прысутных на чатырох праблемах, якія на яго думку патрабуюць вырашэння. Па-першае, гэта закрытасць беларускіх уладаў і іх непадкантрольнасць народу. Па-другое, у краіне скаліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для дзелавой ініцыятывы. Па-трэцяе, знешняя палітыка характарызуецца празмернай арыентацыяй краіны на Ўсход і амаль ігнаруецца заходні напрамак. Кандыдат у дэпутаты таксама выказаў сваю заклапочанасць недафінансаваннем сырэдняй і вышэйшай школы і медыцыны. “Настаўнікі і медыкі маюць усе абавязкі дзяржаўных служачых, але не маюць ніякіх, характэрных для іх статуса, прывілеяў”, – лічыць Алесь Міхалевіч. Усе гэты праблемы патрабуюць вырашэння, чым палітык і намераны займацца на пасадзе дэпутата.
Лідэр Руху “За Свабоду” у сваім выступе адзначыў, што яны з Алесем Міхалевічам людзі адной каманды, якая выступае за перамены.
– Вельмі вялікая праблема ў грамадстве – апатыя людзей. Мы ідзем на выбары не таму, што верым у іх справядлівасць – ва ўчастковыя камісіі ад дэмсілаў трапілі адзінкі. Мы ўдзельнічаем у выбарах, каб сустракацца з людзьмі, мець магчымасць данесці свой пункт гледжання на сітуацыю ў краіне і далейшы шлях яе развіцця, – сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
На думку Мілінкевіча, выбараў як такіх не будзе. Перамены магчымыя, калі людзі арганізуюцца і пачнуць іх патрабаваць, а не чакаць, калі яны адбудуцца самі сабой. Лідэр Руху “За Свабоду” упэўнены, што ў дэмакратычным асяродку ёсць людзі, здольныя годна прадстаўляць інтарэсы грамадзян на усіх узроўнях дзяржкіравання.
Лідэр Руху “За Свабоду” адзначыў, што Беларусь павінна быць адкрытай краінай. Любое кіраўніцтва абавязкова павінна мяняцца, бо ўлада псуе людзей. Павінны эфектыўна працаваць механізмы кантралявання ўлады грамадствам.
У актавай залі ЖЭС № 96 амаль не было вольных месцаў. Людзі актыўна задавалі пытанні. Прадстаўнікі ад “вертыкалі” больш цікавіліся палітычнымі старонкамі біяграфіі Міхалевіча. Старых людзей цікавіла, як жыць на малую пенсію і чаму яны павінны збіраць даведкі і даказваць у райвыканкаме, што яны жабракі.
Алесь Міхалевіч лічыць, што жыхары раёну абавязкова павінны бараніць свае інтарэсы ўсімі законнымі спосабамі, у тым ліку праз развіццё структураў грамадскага самакіравання.



Усе навіны


