Перадвыбарныя метамарфозы (фота)
У Шаркаўшчыне праўладны кандыдат па Пастаўскай выбарчай акрузе на сустрэчы з выбарцамі з удзелам Аляксандра Мілінкевіча раскрытыкаваў дзейнасць кіраўніцтва краіны.
Сумесная сустрэча дэмакратычна настроенага кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Бароўкі і старшыні пастаўскага райвыканкама кандыдата Эдуарда Казуры адбывалася ў мясцовым Доме культуры. Памяшканне на 300 месцаў было запоўнена больш чым напалову. Ролю спікера выконваў старшыня акруговай выбарчай камісіі.
Уладзімір Бароўка адразу заявіў, што асновай яго перадвыбарчай праграмы з’яўляецца чалавек з яго правамі і інтарэсамі. Кандыдат заявіў, што будзе дабівацца адмены кантрактнай сістэмы, вяртання адабраных з пачатку 2008 года льгот, вяртання да бясплатнай вышэйшай адукацыі, стварэння спрыяльных умоў для развіцця малога бізнесу, фермерства.
Лідэр Руху “За Свабоду” выступіў перад удзельнікамі сустрэчы як давераная асоба Уладзіміра Бароўкі. Аляксандр Мілінкевіч акцэнтаваў увагу на тэзе, што ўлада павінна абірацца, а не прызначацца. Цалкам неабходным з’яўляецца пабудова механізму дзейснага кантролю ўлады людзьмі.
Заля сустрэла прамовы Бароўкі і Мілінкевіча вельмі прыхільна.
Дзеячы старшыня пастаўскага райвыканкама кандыдат Эдуард Казура адчуў пратэстныя настроі электарата і наважыўся падтрымаць апазіцыйныя лозунгі. “Я чыноўнік, але гэта зусім не азначае, што я згодны па ўсім пунктам з вышэйшым кіраўніцтвам”, – напачатку заявіў Казура. У сваёй прамове ён рашуча выступіў за пашырэнне самакіравання і ўзмацненне ролі мясцовых органаў улады, раскрытыкаваў існуючае заканадаўства, у якім “шмат нестыковак і гэтым карыстаюцца кантралюючыя органы”. Старшыня пастаўскага райвыканкама выказаў абурэнне станам медычных паслуг у Шаркаўшчыне (“у нас дагэтуль няма лякарні!”) і нізкімі пенсіямі. На думку Эдуарда Казуры, адмена льгот абсалютна непрадумана, бо пацярпелі самыя маламаёмасныя. Ён з трывогай адзначыў, што з-за нізкіх заробкаў спецыялісты мусяць з’язджаць за мяжу, бо ім трэба карміць свае сем’і. Пазыцыянуючы сябе партыётам Шаркаўшчыны, Казура пратэставаў супраць таго, што ўсходнія раёны краіны атрымліваюць мільярдныя субсідыі, а яго рэгіён – нічога.
Высокапастаўлены па мясцовых мерках чыноўнік падтрымаў выказванне Аляксандра Мілінкевіча пра неабходнасць рэфармавання падатковай сістэмы. Паводле слоў Казуры, калі падатковая нагрузка стане разумнай, прыбыткі не будзе патрэбы хаваць ад дзяржавы. Ён таксама выказаўся ў супраць ціску на індывідуальных прадпрымальнікаў і за даступнасць адукацыі для ўсіх грамадзян.
Прызнаючы, што заканадаўчая база недасканалая, Эдуард Казура адзначыў, што ён, як прадстаўнік выканаўчай улады абавязаны яго выконваць. Чыноўнік таксама лічыць, што прызначэнне, а не абранне выканаўчай улады, а таксама аб’яднанне стратных калгасаў з прыбытковымі пакуль апраўдана.
З залі пачалі прыходзіць цыдулкі. У кандыдата Уладзіміра Бароўкі пыталіся, чаму ён супраць кантрактаў, чаму супраць датэрміновага галасавання, пра стаўленне да апазіцыі, ці адчуваецца ціск з боку адміністрацыі... “Вы насамрэч проста піярыце Мілінкевіча!”, – выгукнуў з залі намеснік аддзела адукацыі райвыканкама.
У Эдуарда Казуры пыталіся пра стаўленне да карупцыі, што будзе зроблена для моладзі, ці будзе адменены ўказ № 760.
Сустрэча доўжылася больш за 2 гадзіны. Пасля яе заканчэння адбыўся канцэрт з удзелам мясцовага фальклорнага калектыву.






Усе навіны



