У Мсціслаўлі сустрэча з кандыдатамі ў дэпутаты прайшла з аншлагам (фота)
На сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты ў Мсціслаўлі амаль не было вольных месцаў. У мерапрыемстве, акрамя кіраўніцтва акруговай камісіі, прынялі ўдзел прадстаўнікі місіі па назіранню АБСЕ.
Заля будаўнічага каледжу на 180 месцаў была цалкам запоўнена, бо мясцовыя улады вельмі адказна паставіліся да падрыхтоўкі сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі Горацкай выбарчай акругі № 81. У раённай газеце загадзя было напісана пра месца і час сустрэчы. Чыноўнікі парупіліся пра тэлефанаграмы на мясцовыя прадпрыемствы з просьбай распаўсюдзіць інфармацыю пра сустрэчу сярод працоўных калектываў.
У залі каледжу была падрыхтавана гукаўзмацняльная апаратура, мэбля для прэзідыума і трыбуна для выступоўцы. У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня і сакратарка акруговай выбарчай камісіі, прадстаўнік райвыканкаму. Былі запрошаны усе трое кандыдатаў выбарчай акругі. Сустрэчу з выбарцамі ў Мсціслаўлі наведалі прадстаўнікі місіі па назіранню АБСЕ.
Напачатку выступіла давераная асоба праўладнай кандыдаткі, рэдактарка раённай газеты Кацярына Цішкевіч, якая хваліла свайго прэтэндэнта на ўсе лады. Потым слова ўзяла сама кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дзеячы дэпутат ПП Таццяна Асмалоўская. Яна падкрэсліла, што ўсё жыццё займаецца падвышэннем свайго прафесіяналізму і за гады свайго дэпутацтва прыняла каля 500 чалавек, часта працуючы пры гэтым за псіхолага, спрабуючы падтрымаць людзей маральна, бо не ўсе пытанні мела магчымасць вырашыць.
Кандыдатка ад улады выказалася за развіццё малога бізнесу і падтрымку дзяржавай аграрнага сектару эканомікі, але выступіла супраць “рэформаў дзеля рэформаў”. Яна таксама выказалася за пашырэнне ўплыву царквы на грамадства, за паляпшэнне ўмоў працы настаўнікам і медыкам, за “мір і сяброўства з усімі краінамі і народамі”.
Дэмакратычны кандыдат у дэпутаты Андрэй Юркоў у сваёй прамове звярнуў увагу на такія праблемы, як адмена льготаў, непрадуманыя школьныя рэформы, намер уладаў будаваць у Горацкім раёне АЭС, беспрацоўе і нізкія заробкі ў сельскагаспадарчым рэгіёне. Кандыдат намераны рэальна вырашаць праблемы людзей і у якасці дэпутата бараніць іх інтарэсы ўсімі законнымі спосабамі. Па словах дэмакратычнага кандыдата ў дэпутаты, Беларусь – багатая краіна, яе бюджэт не першы год выконваецца з прафіцытам. “У краіне ёсць грошы для вырашэння вашых праблемаў. І мы знойдзем гэтыя грошы. Для гэтага патрэбны рэальны кантроль людзей над уладай”, – лічыць Андрэй Юркоў.
З трыбуны выступіў лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, які заклікаў галасаваць за Андрэя Юркова.
Людзі з залі пачалі задаваць пытанні. Старыя казалі, што пенсіі не хапае на якасныя лекі, прасілі вярнуць льготы хоць на медычныя паслугі. Спадарыня Асмалоўская толькі парыравала: “Мы разглядаем гэтае пытанне”. Прысутныя цікавіліся, чаму, каб атрымаць матэрыяльную дапамогу, трэба быць абсалютным жабраком, чаму школьныя прылады так дорага каштуюць, калі будуць вернуты “савецкія зберажэнні”. На гэта Асмалоўская адказвала па-філасофску: “Я разумею Вашыя праблемы, але заўсёды, у любым грамадстве будуць незадаволеныя”. “Дык навошта Вы там сядзіце?” – не вытрымаў адзін.
Андрэя Юркова пыталіся, чаму б яму не працаваць разам з Лукашэнкам на карысць людзей. На што кандыдат запэўніў, што заўсёды гатовы супрацоўнічаць на агульную карысць, але такая канструктыўная праца магчыма толькі тады, калі ёсць магчымасць казаць Лукашэнку праўду, а не хаваць вочы, як вымушаны рабіць ягоныя міністры.
Сустрэча з двума кандыдатамі доўжылася паўтары гадзіны. Трэцяя кандыдатка, галоўны ўрач горацкай лякарні Алена Караед на сустрэчу не з’явілася. Як стала вядома пазней, прынятае рашэнне пра яе вылучэнне ў Савет Рэспублікі.






Усе навіны



