Ці ўдасканаліць ЦВК захаванне скрыняў для галасавання?
18 верасня ЦВК прыняў рашэнне пра ўдасканаленне парадку апячатвання скрыняў для галасавання. Каардынатар кампаніі “За Свабодныя выбары” Віктар Карнеенка лічыць такія меры цалкам дэкларатыўнымі.
Паводле рашэння ЦВК, адтуліна скрыні датэрміновага галасавання штодзень будзе заклейвацца паперай з подпісамі старшыні выбарчай камісіі і аднаго з яе сяброў у прысутнасці назіральнікаў і журналістаў. Намеснік кіраўніка Руху “За Свабоду” Віктар Карнеенка лічыць, што гэтае рашэнне не перашкодзіць магчымаму фальшаванню.
– Улады працягваюць шукаць нейкія дзіўныя захады, замест рэальнай дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Каб правесці сапраўды сумленныя, справядлівыя выбары, не трэба нічога клеіць ці замазваць. Неабходны плюралізм у выбарчых камісіях усіх узроўняў. Няхай ЦВК адкажа, колькі прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у складзе выбарчых камісій зможа заклейваць скрыні для галасавання, – каментуе рашэнне ЦВК Віктар Карнеенка.
Па словах каардынатара кампаніі “За Свабодныя выбары”, улады спачатку стварылі экзатычную норму права пра датэрміновае галасаванне, а цяпер шукаюць экзатычныя захады, каб яе апраўдаць.
Усе навіны



