Мілінкевіч наведаў Бярозу (фота)
Лідэр Руху “За Свабоду” прыняў удзел у сустрэчы з выбарцамі намесніка Руху “За Свабоду” кандыдата ў дэпутаты Юрася Губарэвіча.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч скончыў навучанне ва Ўкраіне па спецыяльнасці “дзяжкіраванне”. Ён мае пэўны досвед працы па спецыяльнасці, бо ў 2003-2007 годах быў абраны дэпутатам Белаазёрскага гарсавета. У сваім выступе кандыдат агучыў ключавыя пункты сваёй праграмы: узмацненне грамадскага кантролю за экалагічнай сітуацыяй у краіне, рэфармаванне пенсійнай сістэмы, стварэнне страхавой медыцыны, удасканаленне і мадэрнізацыя сістэмы адукацыі.
Юрась Губарэвіч заявіў, што надзвычай вялікую актуальнасць для Беларусі мае праблема адказнасці ўлады перад народам. Вельмі сур’ёзныя і важныя пытанні не вырашаюцца альбо прымаюцца рашэнні, які пагаршаюць жыццё людзей, бо кіраўнікі не абіраюцца, а прызначаюцца “зверху”. Напрыклад, кандыдат у дэпутаты Яўген Казімірчык, які зараз з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, галасаваў за адмену льготаў, якая ўдарыла па самым малазабяспечаным.
Дэмакратычны кандыдат з жалем адзначыў, што выбары наўрад ці будуць сумленныя, бо ва ўчастковыя камісіі Бярозаўскай выбарчай акругі не ўключылі ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Акрамя таго, у першыя дні датэрміновага галасавання ўжо прынялі ўдзел больш за 7% выбаршчыкаў.
“Нажаль, зараз у краіне кіруе адзін чалавек, ад волі якога ўсё залежыць. Я буду адстойваць інтарэсы выбаршчыкаў, а таксама працаваць над тым, каб мы выбралі новага прэзідэнта, які адновіць баланс усіх галінаў улады”, – сказаў Юрась Губарэвіч.
Давераная асоба Юрася Губарэвіча лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч у сваім выступе распавёў пра тое, чаму абраная народам улада працуе значна больш эфектыўна і чаму інстытуты свабоднага грамадства значна лепей за чыноўнікаў здзяйсняюць кантрольныя функцыі і стрымліваюць рост карупцыі. Аляксандр Мілінкевіч выказаўся пра небяспеку імклівага росту эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі. На яго думку, каб пазбегнуць паглынання Расеяй, нам трэба неадкладна мадэрнізаваць эканоміку з дапамогай заходніх інвестыцый.
Лідэр Руху “За Свабоду” заклікаў прысутных падтрымаць Юрася Губарэвіча, як маладога, мужнага і дасведчанага палітыка.
Людзі пыталіся ў кандыдата і яго даверанай асобы, ці робіцца ціск з боку ўладаў падчас выбарчай кампаніі, як змагацца з фальсіфікацыямі ў выбарчых камісіях, распавядалі пра мясцовыя праблемы.
Ідэалагічны супрацоўнік райвыканкама Генадзь Курыловіч, кіраўнік раённай арганізацыі “Белай Русі” Уладзімір Каcьянаў, лідэр раённага аддзялення БРСМ Руслан Клюкач прыйшлі, каб агучыць загадзя падрыхтаваныя ідэалагічнымі аддзеламі пытанні кшталту: “Як вы будзеце сустракацца з выбарцамі, жывучы ў Мінску?”, “Вас не абралі ў 2004-м, 2007-м. Вы ўпэўнены, што людзі Вас падтрымліваюць?”, “Якая Ваша пазіцыя па санкцыям і спісам “неўяздных” чыноўнікаў?”
Дэмакратычны кандыдат, зазначыў, што ён ніколі не выступаў за санкцыі, бо не хоча развальваць беларускую эканоміку хаця б таму, што мяркуе калі-некалі прыйсці ва ўладу. Аднак, на яго думку, “калі хочаш наведваць культурную краіну, паводзь сябе культурна на сваёй радзіме”. Юрась Губарэвіч лічыць, што ўвядзенне забароны на ўезд у краіны Еўропы для тых, хто кідае людзей за іх погляды ў турму, хто збівае пратэстуючых дубінкамі, цалкам слушнае.
Юрась Губарэвіч упэўнены, што наяўнасць палітвязняў у цэнтры Еўропы – парадокс. Лукашэнка гэта нарэшце прызнаў, загадаўшы іх вызваліць. Наступныя крокі – стварэнне роўных умоў для СМІ і правядзенне свабодных выбараў. Калі Еўропа і Беларусі пойдуць насустрач адзін аднаму, гэта будзе на карысць усім.
Сустрэча доўжылася больш за гадзіну. Паслухаць кандыдата і яго давераную асобу прыйшло больш за 40 чалавек. Людзі ставіліся да выступоўцаў збольшага прыязна. Па словах месцічаў, сустрэча з кандыдатам ад улады Яўгенам Казімірчыкам, прызначаная на дзень раней, была адменена, бо ніхто не прыйшоў.




райвыканкамаўскі ідэолаг Генадзь Курыловіч (справа)

мясцовы важак БРСМ Руслан Клюкач

кіраўнік раённага аддзялення "Белай Русі" Уладзімір Каcьянаў

Размовы доўжыліся і пасля заканчэння сустрэчы
Усе навіны



