Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

«Гэта будзе выбар паміж дабром і злом, паміж праўдай і хлуснёй, паміж будучыняй і мінуўшчынай»

29/12/05

Прэс-канферэнцыя Аляксандра Мілінкевіча ў Мінску 28 снежня 2005 года


Уступнае слова А.Мілінкевіча:

Шаноўнае спадарства, вельмі прыемна вітаць вас напярэдадні Новага года. Дзякуй, што вы прыйшлі, нягледзячы на тое, што ўсе рыхтуюцца да святаў. Нам хацелася б на сённяшняй сустрэчы пагаварыць аб тым, што адбылося ў гэтым годзе – годзе вельмі важным; некалькі слоў сказаць таксама аб тым, што нас чакае ў наступным годзе, пагаварыць аб прагнозах, аб магчымасцях дэмакратычных сіл і, безумоўна, адказаць на ўсе вашы пытанні.

Я думаю, што Кангрэс дэмакратычных сіл, які адбыўся 1-2 кастрычніка, – гэта сапраўды вельмі важная падзея ў сучаснай гісторыі Беларусі. Упершыню дэмакратычныя сілы ў абсалютнай большасці змаглі аб’яднацца. Демакратычныя сілы прадэманстравалі, што яны разумныя, дасведчаныя і адказныя. Кангрэс зрабіў велізарнае ўражанне ва ўсім свеце. Ніколі не было такой увагі да нашай краіны. Гэта сведчыць аб тым, што мы набываем вагу, у нас расце аўтарытэт.

Многія кажуць, што не ўсе аб’ядналіся. Але не бывае ў прыродзе, каб усё было адразу, у адзін момант. Сапраўды аб’ядналася большасць. Калі мы кажам, што Мілінкевіч адзіны кандыдат, то ён адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл, што ўмеюць і хочуць аб’ядноўвацца. Маю надзею, што ў найбліжэйшы час гэта будуць абсалютна ўсе дэмакратычныя сілы.

Пасля Кангрэса зрабілася, мне здаецца, самае важнае: дэмакратычныя сілы перахапілі ва ўлады ініцыятыву, чаго ў апошнія гады ніколі не было. Мы сапраўды пачалі дыктаваць і тэмп развіцця падзей, і самі падзеі. Улада разгубілася. Яна па-ранейшаму казала, што гэтыя людзі не ўмеюць аб’ядноўвацца, яны пасля Кангрэса разваляцца. Не разваліліся. Улада казала, што адзінага не прызнаюць, не будзе задаволена частка кааліцыі. Не атрымалася. Потым улада казала, што кааліцыя не здольна на канкрэтныя крокі. Я вам скажу: тое, што мы абралі нашай галоўнай дзейнасцю паездкі па рэгіёнах, – спрацавала. Я ў рэгіёнах працую дзесяць гадоў і ніколі не адчуваў у грамадстве такога адраджэння надзеі. Кажуць, што страх пануе ў грамадстве, людзі баяцца. Не гэта галоўная праблема на будучыя выбары. Галоўная праблема – вера людзей. Але Кангрэс і тое, што адбылося пасля, паказала, што гэта надзея расце.

Улада не чакала, што так высока будзе расці рэйтынг адзінага прэтэндэнта: за першы месяц на 8 працэнтаў, за другі – таксама на 8, і дваццаць дзён назад ён складаў 18,1 працэнта. Гэта заслуга, безумоўна, не толькі і не столькі Мілінкевіча – гэта заслуга ўсіх актывістаў, якія аб’ядналіся, прадэманстравалі волю і сілу. У людзей з’явілася надзея на лепшае.

У гэтых паездках улада настолькі разгубілася, што пачала працаваць на нашу карысць. Перад тым, як прыязджаць, мы прасілі мясцовых актывістаў раскідваць у горадзе ўлёткі аб тым, што будзе сустрэча з адзіным прэтэндэнтам. Гэта першая хваля інфармацыі. Улада адразу ж пачынала працу з насельніцтвам, абсалютна тупую ідэалагічную працу. Яна апрацоўвала людзей у бальніцах, у школах, на заводах і ўсім казала, што не трэба сустракацца з апазіцыяй, што апазіцыя небяспечная, што прыедзе Мілінкевіч і г.д. Рабіла велізарную дапамогу нам у тым, каб распаўсюдзіць інфармацыю пра нас. Мы сустракаліся з людзьмі на рынках, каля ўніверсітэтаў, на завадскіх прахадных, з актывістамі. Гэта была ўжо трэцяя хваля. І, у рэшце рэшт, калі мы з’язджалі, мясцовыя людзі выраблялі бюлетэні, дзе расказвалі пра наш візіт, як нас пераследвалі, як нас баяцца ўлады. Усюды ўлада дэманстравала свой страх. Баяцца слабыя, няўпэўненыя, і ў гэтым мы выйгравалі.

Я ўпэўнены, што перанос выбараў на сакавік перш за ўсё звязаны з тым, што ўлада страшэнна перапужалася і вырашыла, што, калі так і будзе працягвацца, рэйтынг адзінага прэтэндэнта будзе расці і надалей, а большасць людзей даведаецца пра тое, што яны не ведаюць. Наша галоўная мэта – не толькі пазнаёміць з адзіным прэтэндэнтам, але і несці інфармацыю, пераконваць людзей у тым, што нас большасць, што за намі праўда, што мы маем права жыць у іншай Беларусі і будзем у ёй жыць. І ў гэтым сэнсе ўлада зноў прадэманстравала сваю няўпэўненасць.

У нашай стратэгіі была прадугледжана магчымасць пераносу выбараў на больш ранні тэрмін. Мы, лічу, стварылі прыстойную ініцыятыўную групу з колькасцю нашых прыхільнікаў, дастатковай для таго, каб сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў. Мэту мы ставім значна шырэйшую. Закон забараняе падчас збору подпісаў агітаваць, але мы ўсе добра ведаем, што прыход людзей з ініцыятыўнай групы, размова з людзьмі – гэта вельмі важны этап данясення нашых ідэй да грамадзян. Чым больш такіх людзей будзе, чым больш мы збярэм подпісаў, тым больш у нас шансаў на перамогу.

Група магла быць і больш масавай, але ў дзень здачы подпісаў у нас выключылі святло – пасля размовы з карэспандэнтам “Інтэрфакса”, дзе я сказаў, што з 14 да 17 гадзін мы будзем фарміраваць спісы. Святло знікла за 20 хвілін да дзвюх гадзін. Але мы не такія глупыя: кампутары працавалі ў іншых месцах, хаця гэта перашкодзіла дадаць да спіса каля тысячы чалавек.

Многія сёння таксама гавораць пра тое, што няма адзінага, а ёсць восем прэтэндэнтаў. Ну, аднаго адлічым – сем, якія не маюць улады сёння. Не звінавачвайце мяне ў нясціпласці, але ўсё ж такі адзіны прэтэндэнт – адзін. У тым сэнсе, што ён высунуты абсалютнай большасцю арганізаваных дэмакратычных структур. Тое, што пайшлі іншыя кандыдаты, мяне засмучвае. Я заўсёды лічыў і лічу, што ў нашым выпадку выбары не ёсць задавальненне асабістых амбіцый. Выбары – гэта змаганне за Беларусь. Большасць тых, хто пайшоў паралельна, не збяруць подпісаў. Той, хто мае досвед кампаніі 2001 года, ведае, што трэба мець хаця б чатыры тысячы зборшчыкаў, каб набраць неабходныя 100 тысяч. Паралельныя кампаніі шкодзяць асноўнай. І не таму, што хтосьці кудысьці збірае людзей ці подпісы. Галоўная праблема ў тым, што грамадства зняверанае, апалітычные. На сустрэчах людзі заўсёды прасілі: мы мала разбіраемся ў палітыцы, у нас мала інфармацыі, вы ўжо там самі вызначцеся, а мы падтрымаем таго, на каго вы паставіце. Бо сапраўды гэта не будзе выбар паміж платформамі, праграмамі. Гэта будзе выбар паміж дабром і злом, паміж праўдай і хлуснёй, паміж будучым і мінулым. Людзі будуць галасаваць за тое, як яны збіраюцца жыць.

Мы ўпэўнены, што шанс на перамогу ў нас ёсць, і вельмі вялікі, калі мы аб’яднаемся. Улада будзе рабіць усё больш і больш памылак. Яна не верыць сама ў сябе, яна слабейшая за нас, бо за намі – праўда гісторыі. Дыктатуры не жывуць вечна. Мы павінны зрабіць усё, каб яны прайгралі 19 сакавіка. Дзякуй за ўвагу. Гатовы адказаць на вашы пытанні.

– Што з колерам кампаніі?

– Праца яшчэ не скончана. Колеры і лозунгі будуць прадстаўлены ў найбліжэйшы час. Што тычыцца сіняга колеру, якім аздоблена гэтая зала, то гэта не колер кампаніі, але колер упэўненасці, годнасці, і ён адпавядае дэмакратычным сілам. Гэта не “джынс”, гэта лён сіняга колеру. Але ёсць маладзёвыя кампаніі, інфармацыйна-мабілізацыйныя кампаніі, якія ўжо абралі для сябе колер “джынс”. Калі мы будзем выбіраць свой, то зробім так, каб гэтыя колеры спалучаліся. Трошачкі пачакайце.

– Если бы выборы в этом году были совершенно прозрачными, вы уверены, что смогли бы их выиграть?

– Я аболютно уверен, что демократический кандидат от объединенной оппозиции на 100 процентов сегодня выигрывает выборы. Но давайте мы учтем одну вещь. Выборы – это не только подсчет голосов. Подсчет голосов – это финиш кампании. Выборы – это и доступ к средствам массовой информации, и нормальное, демократическое законодательство. Если эти условия выполняются, то сегодня у Лукашенко никаких шансов. Он держится на том, что его СМИ зомбируют людей.

– Што чакае СМІ ў выпадку вашай перамогі?

– Іх чакае свабода. Улада не будзе займацца сродкамі масавай інфармацыі і расказваць ім, што і як друкаваць і перадаваць. Калі СМІ робяць штосьці не так, гэтым павінен займацца толькі незалежны суд.

– БТ, АНТ – усе гэтыя каналы?..

– У нармальнай краіне дзяржава не пакідае ўвогуле сваіх уласных СМІ. Можа, на пераходны перыяд варта мець адзін дзяржаўны канал, але лепш, каб гэта было грамадскае тэлебачанне. Не дзяржава павінна гэтым апекавацца, а грамадскі савет з вельмі дасведчаных, аўтарытэтных людзей.

– После референдума много говорилось о необходимости не допустить участия Лукашенко в нынешних президентских выборах. И вот он в выборах участвует. Эта идея уже умерла?

– Во время агитационной кампании все наши активисты будут говорить на встречах с людьми о том, что Лукашенко не имеет по Конституции никакого права быть участником президентской гонки, он участвует в ней незаконно.

– А в международном плане?

– Я не думаю, что демократические страны нужно еще раз убеждать в том, что референдум незаконен. Они это признали и об этом помнят. Референдум был проведен с криминальными ошибками.

– Какая участь постигнет нынешнего президента в случае вашего прихода к власти?

– Если мы говорим, что несем с собой демократию, то им должны заниматься демократические институты. Если есть в чем его обвинять, то этим должны заниматься не президент или правительство, а прокуратура и, если понадобится, суд. В демократических странах только суд определяет, кто виноват, а кто нет.

– Есть ли у вас программа?

– Программа практически готова, завтра будут внесены последние штрихи. Сразу после Нового года ее можно будет посмотреть и изучить.

– Што будзе з адукацыяй пасля вашага абрання?

– Гэтае пытанне для мяне близкае і балючае, таму што я большасць свайго жыцця выкладаў ва ўніверсітэтах. Я высока ацэньваю ўзровень нашай адукацыі, у савецкія часы яна была адной з найлепшых. Аднак, працуючы ва ўніверсітэтах на Захадзе, я пераканаўся, што, калі параўноўваеш выпускніка заходняга ўніверсітэта і нашага, у нашых людзей пры наяўнасці выдатных фундаментальных ведаў вельмі не хапае практычных навыкаў. Многія, хто сканчае ВНУ, не гатовы адразу працаваць. Над гэтым трэба сур’ёзна падумаць.

Адна з першых рэчаў, якую павінна зрабіць будучая ўлада ў галіне адукацыі – скасаваць прымусовае размеркаванне. Гэта проста жах, калі ў ХХІ стагоддзі людзей пасылаюць туды, куды яны не хочуць. Улада можа прапанаваць, а не прымушаць.

Я таксама думаю, што ўся гэтая фіктыўная барацьба з карупцыяй падчас паступлення ў ВНУ ніколі не дасць выніку, таму што гэта бюракратыя робіць для бюракратаў. Чым там больш, на іх думку, хітрыкаў, тым больш растуць хабары. Таму сістэма павінна быць адкрытай. Дарэчы, на Захадзе збольшага няма ўступных экзаменаў, і на першым курсе можа вучыцца палова студэнтаў усяго ВНУ. Адлічэнне ідзе паступова па выніках сесій, а не пасля 20-хвіліннай размовы з абітурыентам. Ёсць выдатныя сістэмы, якія можна лёгка прыстасаваць да нашых умоў.

– Вы приводили данные о рейтингах. Чье это исследование?

– Это данные балтийской службы Гэллапа.

– С кем вы встречались в Москве, каковы результаты этих встреч?

– О первой поездке сообщалось уже много, а последняя поездка была частной, к хорошим друзьям накануне Нового года.

– Як вы пракаментуеце апошнія кадравыя перастаноўкі ва ўладных структурах? Ці не звязаны яны з выбарчай кампаніяй?

– Я думаю, што так. Калі тэлебачанне ўзначальваюць найлепшыя прапагандысты, гэта гаворыць аб усім. Улада не збіраецца несці інфармацыю, яна збіраецца замбіраваць насельніцтва і займацца жорсткай прапагандай. Што тычыцца прызначэння міністрам культуры чалавека, які ніколі ёй не займаўся, гэта сведчыць аб абсалютнай скуднасці кадраў у прэзідэнта. Ён ужо даўно прызначае людзей паводле прынцыпаў не прафесіяналізму, а адданасці. І яшчэ трэба сказаць, што культуру ізноў будуць карыстаць. Не развіваць, а менавіта карыстаць для сваіх ідэалагічных памкненняў.

– Што будзе з беларускай мовай навучання?

– Думаю, што ўсё будзе выдатна. У мяне сёння аптымізму значна больш, чым на пачатку 90-х гадоў, калі на Беларусі была першая хваля вяртання беларускай мовы ў навучальныя ўстановы. Я думаю, што сёння мы маем галоўнае: беларуская мова – гэта мова прэстыжная, гэта мова людзей адукаваных, і на ёй гаварыць – сапраўды пачэсна. Не будзе гвалтоўнай, не зразумелай для людзей беларусізацыі. Яна будзе паступовай, але цвёрдай і рашучай. Беларуская мова вернецца ў навучальныя ўстановы, але абавязкова трэба захаваць магчымасць навучання і на іншых мовах, бо Беларусь заўсёды была талерантнай краінай. Можна будзе вучыцца і па-руску, і па-літоўску, і па-польску, і г.д.

– Некаторыя СМІ надрукавалі зварот асобных палітыкаў аб байкоце выбараў. Вашы адносіны да гэтага?

– Сапраўды гэта важнае пытанне. Адбыўся пэўны раскол паміж палітыкамі, якія прэтэндавалі на тое, каб стаць кандыдатамі. Некаторыя заклікалі да байкоту і абвінавацілі тых, хто пайшоў. Некаторыя пайшлі, але не адной, на жаль, калонай. Я хачу сказаць, што лёгка заклікаць да байкоту, калі за табой не стаяць людзі. Калі я адзінокі, то магу паводзіць сябе вельмі свабодна. Уявіце сабе, што кааліцыя, якая два гады запэўнівала і сябе, і сваіх актывістаў, і насельніцтва, што ў нас ёсць сілы, што мы можам, што мы пераможам, – і раптам мы, калі нам змянілі даты, кажам “ах, не тое”. Ці нам забараняюць казаць праўду – і мы спужаліся. Такім чынам мы назаўсёды заб’ем шанс і веру. Таму на гэтым этапе пра байкот гаварыць увогуле шкодна. Сёння трэба ісці да людзей працаваць, пераконваць, што за намі праўда.

– Ці вядзецца нейкая кулуарная праца з зоркамі спорту, музыкі, якія маглі б публічна заявіць аб сваёй падтрымцы? Напрыклад, баскетбольная каманда “Гродна-93”, прэзідэнтам якой вы ў свой час былі?

– Я ведаю ўсіх, хто трэніруе сённяшнія баскетбольныя каманды. Я б не хацеў прасіць іх адкрыта мяне падтрымліваць: баюся, што “адрубяць галовы” беларускаму баскетболу. Але я б хацеў, напрыклад, падчас чарговай паездкі ў Маскву сфатаграфавацца са сваім старым сябрам Іванам Ядэшкам, з якім я яшчэ з Гродна, з баскетбольных часоў вельмі добра знаёмы. З ім было б варта гэта зрабіць і сказаць, што нас падтрымліваюць і алімпійскія чэмпіёны.

Заключнае слова А.Мілінкевіча:

Я вас шчыра віншую са святамі, жадаю нам усім новай Беларусі, быць здаровымі, шчаслівымі, бо мы таго вартыя. Я хачу шчыра падзякаваць усёй незалежнай прэсе за тую працу, якую яна робіць дзеля гэтай будучай Беларусі. Без вас не было б і паловы таго, што мы зрабілі. Можа, і большасці не было б, калі б вы нас не падтрымлівалі. Будзем разам і абавязкова пераможам. Дзякую вам!


Усе навіны