English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Рэжым дыстанцуецца ад адыёзных паслугачоў?

20/11/08

З ініцыятывы Руху “За Свабоду” адбыўся круглы стол на тэму “Скандальныя адстаўкі сілавікоў: піяр альбо трансфармацыя ўлады”


У круглым стале прынялі ўдзел эксперты Валеры Булгакаў, Валер Карбалевіч, Андрэй Ляховіч, Віталь Сіліцкі.


Як вядома, Лукашэнка заявіў пра шматлікія факты карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады. Ад пасад адхілены намеснік генпракурора Мікалай Купрыянаў, пракурор Мінскай вобласці Міхаіл Снегір. У антыкарупцыйным выступе кіраўнік краіны згадаў прозвішчы намеснікаў міністра ўнутраных спраў Віктара Філістовіча і Аляксандра Шчурко ды іншых чыноўнікаў МУС. Таксама былі названыя прозвішчы суддзяў Есьмана, Паўлючук, Ільіной... Ад новай антыкарупцыйнай кампаніі пацярпелі ведамствы МУС, КДБ, Мінюст, Мінабароны.


На думку ўдзельнікаў круглага стала, верагодна адбываецца ўзмацненне групы старэйшага сына Лукашэнкі – Віктара і групы “тэхнакратаў”, эканамічных мэнэджэраў на чале з прэмьер-міністрам Сяргеем Сідорскім. Таму адбываецца адсоўванне найбольш адыёзных паслугачоў рэжыму – вылучэнцаў Шэймана. Некаторыя з іх, як, напрыклад, Купрыянаў, мелі дачыненне і да “справы дырэктараў” у 2001-2002 гг. Разам з тым аналітыкі заўважаюць, што вынік пакуль што не прадвызначаны, бо вайна кампраматаў працягваецца.


Магчыма, на макраўзроўні рэжым трансфармуецца ў алігархічна-бюракратычную мадэль. Тыя, хто нішчаць апазіцыю, адчулі сабе трохі вальнейшымі ад абавязацельстваў перад законам. Лукашэнка занепакоіўся, што яны будуць занадта самастойныя і пачнуць адыгрываць пэўную палітычную ролю. Лукашэнку гэта спужала. Ён прымае меры. Гэта сігнал усім сілавікам: вы толькі мае падначаленыя і не больш. Але ідзе працэс пабудовы новай мадэлі, якую кіраўнік краіны не можа прадухіліць. Чым складаней робіцца сістэма, тым больш “караля гуляе світа”. Узрастае ўплыў новых груповак, якія расчышчаюць месца для сваіх.


Падчас абмеркавання высоўваліся і больш звыклыя версіі. Эксперты адзначалі, што публічныя заявы пра ўзмацненне барацьбы з карупцыяй традыцыйна выкарыстоўваюцца з мэтай падвышэння рэйтынгу дзейснага кіраўніка краіны. Лукашэнка адчувае надыход эканамічных праблемаў і грае на публіку.


На думку аналітыкаў, сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, загнівае без ратацый. Гэта, што ён робіць, адзіны метад абнаўлення апарату ва ўмовах аўтарытарызму. Але з іншага боку, ратацыя вядзе да вымывання кадраў, якія ведаюць, як абараняць рэжым.


Замена “крышы” (сілавікоў) – вельмі важны паказнік намеру мяняць эканамічную палітыку. Адстаўка самых “замазаных” і таму надзейных – адна з прыкметаў трансфармацыі рэжыму. На думку экспертаў, адкат ад намеру праводзіць эканамічныя рэформы, рухацца шляхам эканамічнай лібералізацыі ўжо зараз вельмі малаверагодны і хутка будзе немагчымым.


Усе навіны