English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

У пачатку сакавіка ў Мінску пройдзе масавая сустрэча А.Мілінкевіча з выбаршчыкамі

20/01/06

У Мінску прайшло паседжанне Палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Сябры Палітычнай рады разгледзелі шэраг пытанняў, сярод якіх прыняццё праграмы і платформы Аб’яднаных дэмакратычных сіл, вылучэнне актывістаў партый і грамадзкіх арганізацый у выбарчыя камісіі, а таксама дэталі тактыкі і стратэгіі правядзення выбарчай кампаніі.

Акрамя таго, была разгледжана прапанова ініцыятыўнай групы З.Пазьняка аб правядзенні г.зв. “народнага” галасавання. Палітычная рада прыйшла ды высновы, што прапанова працуе хутчэй не на актывізацыю, а на дэмабілізацыю дэмакратычных выбаршчыкаў, і выказала сустрэчную прапанову – аб’яднаць усе адказныя дэмакратычныя сілы вакол кампаніі адзінага прэтэндэнта.

Сябры Палітычнай рады прынялі рашэнне правесці ў першых днях сакавіка вялікую сустрэчу адзінага прэтэндэнта Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі. Сустрэча мае адбыцца ў адной з цэнтральных залаў сталіцы, а ў выпадку адмовы ўладаў прадаставіць памяшканне – на адной з цэнтральных плошчаў Мінска.

Паводле словаў намесніка кіраўніка Палітычнай рады, старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, неабходнасць правесці такую сустрэчу выклікана тым, што выбаршчыкі павінны мець магчымасць сустрэцца з адзіным прэтэндэнтам не толькі ў рэгіёнах Беларусі, але і ў сталіцы. У той жа час, ацэньваючы намер уладаў правесці 2-3 сакавіка т.зв. “Усебеларускі сход”, В.Вячорка адзначыў, што “правядзенне падобнага сходу – гэта спроба “перабіць” вынікі восеньскага Кангрэсу дэмакратычных сіл, які рэальна выявіў настроі беларускага грамадства, і дэлегатам якога мог зрабіцца сапраўды кожны”.

- Сцэнар такога “сходу” вядомы – гэта імітацыя дэмакратыі. Такія акцыі любяць праводзіць у дыктатарскіх краінах, бо ў нармальных дэмакратычных грамадствах існуюць дэмакратычны парламент, мясцовае самакіраванне і свабодныя СМІ, - адзначыў палітык.


Усе навіны