English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Ці стане Лукашэнка праваабаронцам №1?

27/11/08

Гомельскі праваабаронца, актывіст Руху “За Свабоду” Леанід Судаленка лічыць, што заявы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнка адносна забеспячэння правоў чалавека ў краіне пакуль ня маюць заканамернасці і паслядоўнасці.

 

Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Мы павінны разняволіць чалавека, лібералізаваць нашае жыццё, зрабіць яго больш свабодным для чалавека. Гэта вельмі важна ў сённяшняй сітуацыі. Паводле словаў Лукашэнкі, неабходна стварыць свабодную эканоміку, каб людзі маглі больш аператыўна і свабодна дзейнічаць, каб іх нічога не звязвала”.

 

Завяршаючы свой выступ, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўнай задачай для яго з’яўляецца забеспячэнне правоў чалавека: “Абараняць правы людзей на годную зарплату, на тое, каб свабодна жыць і гаварыць тое, што чалавек думае, − вось галоўная задача прэзідэнта. Пра гэта ўсе мы павінны заўсёды памятаць,” − заявіў Аляксандар Лукашэнка.

 

Леанід Судаленка нагадвае, што тыдзень таму былі зусім іншыя заявы. На нарадзе па пытанні бацькоў, якія пакідалі сваіх дзяцей, кіраўнік дзяржавы запытаў: “Пра якія правы чалавека можа ісці гаворка, калі бацькі кідаюць сваіх дзяцей, якіх потым павінна ўтрымліваць дзяржава? Дайце ім лапаты і венік, няхай працуюць, а калі не будуць – прымусім працаваць па тры змены ў суткі ў працоўных лагерах,” – сказаў тады Лукашэнка. З гэтых заяваў бачна, што кіраўнік дзяржавы пакуль не вызначыўся са сваімі каштоўнасцямі.

 

− Але ж хочацца быць аптымістам і меркаваць, што заявы пра лібералізацыю не выпадковыя. Сёння ўсё ж улады вымушаныя рабіць маленькія крокі ў еўрапейскім напрамку. Напрыклад,  ёсць зрухі ў вырашэнні пытання аб палітычных зняволеных, ёсць абяцанні вярнуць незалежныя газеты ў шапікі. Мы, праваабаронцы, будзем назіраць, ці будуць за гэтымі словамі канкрэтныя справы. Асабіста я параіў бы прэзідэнту імкнуцца як мага хутчэй далучыць краіну да Рады Еўропы, ратыфікаваць Еўрапейскую Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Тады не на словах, а на справе можна будзе казаць пра тое, што кіраўніцтва дзяржавы зацікаўлена забяспечваць правы і асноўныя свабоды кожнага чалавека, − падсумоўвае свае назіранні гомельскі праваабаронца.


Усе навіны