Беларускія падаткавікі лічаць літоўскія грошы?
Падатковая інспекцыя Лельчыцкага раёна патрабуе тлумачэнняў, за якія грошы актывіст еў, спаў, вучыўся падчас семінара ў Вільні.
26 лістапада 2008 года Мікалай Гаўрыленка атрымаў заказны ліст з паведамленнем, што ён абавязаны з’явіцца 25 лістапада 2008 года да старшага дзяржаўнага існпектара Аляксандра Юцэнка.
− У падатковую інспекцыю паступілі звесткі ад Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, што летась я навучаўся на семінарах па імплементацыі міжнародных абавязкаў Рэспублікі Беларусь ў галіне правоў і свабод чалавека ў Вільнюсе. Цяпер я мушу тлумачыць, за які кошт я дабіраўся да Вільні, навучаўся, пражываў, снедаў ды вячэраў, − распавёў Гаўрыленка.
У 2007 годзе Міжнародная Сетка Дамоў правоў чалавека праводзіла з праваабаронцамі з Рэспублікі Беларусь навучальны курс па прымяненню міжнародных стандартаў ў нацыянальнай і міжнароднай абароне правоў чалавека. Усе выдаткі на правядзенне семінара браў на сябе запрашаючы бок.
На думку Гаўрыленкі, КДБ сумесна з падаткавай інспекцыяй, працягвае ціск за ягонае вылучэнне ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Сапраўды цікавасць падаткавікоў да Гаўрыленкі рэзка ўзрасла падчас сёлетней выбарчай кампаніі. Пасля рэгістрацыі Мікалая Гаўрыленкі кандыдатам у дэпутаты па Палескай выбарчай акрузе №43, ўся яго сям'я, нават старыя маці і цешча атрымалі прадпісанні аб прадстаўленні дэкларацый ў падаткавую інспекцыю.
Нагадаем, лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч падтрымаў намер Гаўрыленкі балатавацца ў дэпутаты ПП і прыняў удзел у зборы подпісаў за яго вылучэнне ў кандыдаты.
Усе навіны



