English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Адказы Аляксандра Мілінкевіча на пытанні слухачоў Радыё Свабода

24/01/06

У панядзелак Аляксандр Мілінкевіч паўдзельнічаў у online-канферэнцыі Радыё Свабода. Глядзіце некаторыя пытанні і адказы.

-- Шаноўны спадар Мілінкевіч, ці адчулі Вы сябе інакш, калі Вас абралі Адзіным Кандыдатам і калі так, то ці разьвіваецца ГЭТА ў Вас далей? 2. Чым, па-Вашаму, адрозьніваецца кансалідацыя народа духоўная (культурная) ад палітычнай? Дзякуй, зычу ПЕРАМОГІ!!! Шпакоўскі А.

-- Шчыра дзякую за веру ў перамогу. 1. Кангрэс, які абраў мяне адзіным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Беларусі ад аб’яднаных дэмакратычных сіл, выдаў мне велізарны крэдыт даверу. Сёння я прадстаўляю не толькі ўласна Аляксандра Мілінкевіча, за мной стаяць сотні тысяч грамадзянаў Беларусі, якія адкрыта, не баючыся, а часам і насуперак рэпрэсіям уладаў, кінулі выклік рэжыму. Таму сёння, з’яўляючыся адзіным, я адчуваю вялікую адказнасць за кожнага з гэтых людзей. Я не маю права быць слабым, не маю права схібіць, не маю права зняпраўдзіць чаканні людзей, якія прагнуць пераменаў у Беларусі.

2. Я бы не дзяліў гэтыя два паняцці. Палітычная кансалідацыя дзеля дасягнення палітычнай мэты, якая сёння стаіць перад намі, не будзе трывалай без кансалідацыі духоўнай, якая, я перакананы, мусіць базавацца на нашым багацейшым гістарычным, культурным падмурку, на асэнсаванні грамадствам сябе не проста супольнасцю людзей, якая жыве на гэтай тэрыторыі – а НАЦЫЯЙ. Памяць і гонар продкаў, якія стагоддзямі па цаглінцы будавалі Беларусь, мы не маем права абражаць, пагаджаючыся на сённяшні прыніжаны і ганебны стан нашай Бацькаўшчыны, на страх, апатыю, якія сёння апанавалі грамадства, духоўны і нацыянальны заняпад дзяржавы.

І калі мы дасягнем сённяшніх палітычных мэтаў – гэта значыць вернем у Беларусь дэмакратыю, свабоду, праўду, справядлівасць, надзвычайную важнасць набудзе духоўная кансалідацыя грамадства. Пачатак дэмакратыі ніколі не бывае лёгкім. І дзеля таго, каб ізноў не страціць так цяжка здабытыя каштоўнасці, мы мусім скансалідаваць грамадства вакол тых спрадвечных паняццяў, як незалежнасць, свабода, годнасць.

-- Паважаны сп. Мілінкевіч, ці не падаецца Вам што большую частку сёнешніх беларусаў амаль што цалкам задавальняе цяперашні стан спраў, іх палохаюць магчымыя зьмены, яны не бачаць альтэрнатывы існуючаму строю які клапоціцца аб іх, дае ім гарантаваныя працу, хлеб і магчымасць адквітацца амаль з любым "начальнікам". Можа таксама яны інтуітыўна адчуваюць, што сёняшняя эканоміка трымаецца толькі на неверагодным адміністрацыйным уціску і на такой жа неверагоднай хлусьні, таму адразу ж рухне як толькі не будзе чалавека раскруціўшага гэту сістэму і стан жыцця несумненна пагоршыцца, а нахапаюцца тыя каму Лукашэнка недазваляў хапаць. Што вы можаце сказаць гэтым людзям?

-- Дзякуй за цікавыя назіранні. Я заўважаю адваротнае, і ў часе маіх шматлікіх паездках у беларускія рэгіёны, пераконваюся ў гэтым усё больш і больш. Значнай частцы насельніцтва, і іх колькасць няспынна павялічваецца, абрыдла жыць у прыніжэнні і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Людзям абрыдла прымусовая кантрактная сыстэма, якая зрабіла іх рабамі, залежнымі ад свавольства бездумнага начальніка. Абрыдла бясконцая хлусня з экранаў тэлевізараў пра чарговыя поспехі беларускага “цуда”, хамства, штодзённае прыніжэнне сумленных і прыстойных людзей. Надакучыла тое, што ўлада хоча трымаць усіх на кароткім ланцужку. Яны хочуць жыць, а не выжываць, хочуць справядлівасці, законнасці. Іншая справа, што не кожны сёння можа заявіць пра гэта адкрыта, але пералом адбываецца. Ля нашых пунктаў збору подпісаў стаяць чэргі. Людзі кажуць, апускаючы вочы, – мяне на працы прымусілі падпісацца за Лукашэнку, я не мог адмовіць, бо баюся страціць працу, але я прыйшоў, каб падпісацца за вас, хоць так я буду змагацца з гэтым “беспределом”.

-- Паважаны спадар Мілінкевіч, жадаю вам па-першае посьпехаў ва ўсіх вашых справах, а па-другое здароўя. Таму шта вытрымаць усе так званыя папяраджэньні і ўсё таму падобнае можа не кожны.Стаўлюся да вас зь вялікаю павагай але й маю пытаньне. Я ўпэўнены ў тым што рэжым зробіць усё, каб Лукашэнка атрымаў перамогу і, мне здаецца, будзе каля 77% як заўжды. А што пасьля? На вуліцу выйсьці? Куды? Ды колькі народу трэба дзеля гэтай справы? З павагай, Максім з-пад Вільні.

-- Перадусім шчыра дзякую за цёплыя словы. Заўважце, улада вельмі любіць высокія лічбы, гэта пацьвярджаюць і афіцыйныя вынікі ўсіх папярэдніх выбараў і рэферэндумаў. Ніхто не сумняецца, што і гэтым разам будуць намаляваныя чарговыя “элеганцкія” працэнты. Наш штаб атрымаў звесткі пра нібы ўжо спушчаныя на месцы ў рэгіёны лічбы. Напрыклад, у адным з раёнаў – 87,8% за вядомага нам палітыка. Наколькі яны сапраўдныя, пакажуць вынікі. Кажу Вам, мы працуем не на тое, што абвесціць спадарыня Ярмошына, мы працуем на перамогу.

-- Аляксандар Ўладзімеравіч, жадаю Вам перамогі, якую з нецярплівасьцю чакае Беларусь! Але ж пытаньне не з прыемных: калі аб'яднаная апазыцыя пацерпіць афіцыйную паразу (а ў гэтым ніхто не сумняецца), а магчымыя вулічныя акцыі не дадуць плёну, што далей? Ці застанецца апазыцыя адзінай, з Вамі на чале, і працягне барацьбу? Ці не паўторыцца сітуацыя 2001 года? І яшчэ пытаньне: ці не скажаце Вы людзям разыходзіцца па дамах, як у свой час сказаў Ганчарык, а яшчэ раней - Шарэцкі?

-- Усвядомце, калі ласка, усю значнасць і сур’ёзнасць таго, што адбылося. Упершыню, за гады беларускай незалежнасці, фактычна ўсе, падкрэсліваю, усе здаровыя дэмакратычныя сілы, нягледзячы на свае палітычныя погляды, аб’ядналіся дзеля таго, каб змяніць сытуацыю ў Беларусі да лепшага, пабудаваць дзяржаву, якая будзе з пашанай ставіцца да ўласных грамадзянаў і якую будуць шанаваць у свеце. Гэта не ёсць змушанае аб’яднанне, дзе кожны толькі і шукае магчымасці, каб зняць з сябе адказнасць і адысці ў бок. Кожны разумее, што ўнутрыпартыйныя, унутрыарганізацыйныя разборкі сёння толькі на карысць існуючаму рэжыму. Кааліцыя – гэта значнае дасягненне дэмакратычных сіл Беларусі, ацэнку якому дасць нашая перамога і гісторыя. Мы выдатна разумеем, што 19-м сакавіка можа нічога і не закончыцца. Мы дамовіліся ісці разам, і, дзякуй Богу, кожны разумее гэтую неабходнасць.

-- Спадар Мілінкевіч, як Вы лічыце, ці змаглі дэмакратычныя сілы перахапіць ініцыятыву ў уладаў? Андрэй, студэнт.

-- Так, перакананы. Я бы параўнаў цяперашнюю сытуацыю з снежным камяком, які мы цяжка, насуперак усяму кацілі ў гору. А сёння, гэты ком ужо дасягнуў вяршыні і пачынае сам, усё больш абрастаючы, пакуль яшчэ паволі, каціцца ўніз. Прычын гэтаму, па меншай меры, дзве. З аднаго боку, мы здолелі данесці і даносім інфармацыю да ўсё большай часткі людзей. А з другога боку, улада, гвалтам збіраючы подпісы людзей за Лукашэнку, перагнула палку і дасягнула адваротнага. Абураныя людзі на знак пратэсту ўсё больш актыўна выказваюць падтрымку дэмакратычным сілам.

-- Шаноўны пане Мілінкевічу, 1) Ці мае апазыцыя дакладны расьпісаны плян дзеяў на 19 сакавіка? Уявіце сабе, вечар 19.03. Абвяшчаюцца вынікі выбараў, паводле якіх Лукашэнка набірае 70% галасоў. Вашы дзеяньні? 2) Чаму Вы не жадаеце далучыцца да кампаніі, арганізаванай прыхільнікамі З. Пазьняка з "народным галасаваньнем"? 3) Ацанеце ў працэнтах шанцы на перамогу дэмакратыі 19 сакавіка? шчыра дзякую, Баўтрамей супольнасьць "Трэці Шлях".

-- 1. Разумею Вашае жаданне ведаць расклад на 19 сакавіка. Пакуль што адкажу так, у гэты дзень я буду побач з сотнямі тысяч (я шчыра веру ў гэта) тых маіх суайчыннікаў, якія прагнуць пераменаў для нашай Беларусі.

2. Што тычыцца народнага галасавання. Нам сёння важна не страціць людзей, падтрымаць іх веру ў перамогу. Народнае галасаванне жа скіраванае хутчэй не на актывізацыю дэмакратычна настроенага электарату, а на дэмабілізацыю людзей. Таксама як і ідэя байкоту. Калі б можна было быць упэўненымі ў тым, што мы здолеем растлумачыць пераважнай большасці беларусаў сэнс ідэі народнага галасавання, распавесці, дзе ўзяць альтэрнатыўны бюлетэнь, куды занесці афіцыйны, на нешта можна было б разлічваць. Але такіх магчымасцяў сёння няма. Значна лягчэй, і да гэтага мы заклікаем усіх – аб’яднацца сёння вакол кампаніі адзінага прэтэндэнта, падтрыманага аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі.

3. Даваць раскладку шансаў у працэнтах справа, безумоўна, неўдзячная. Але наш працэнт расце несупынна.

Поўнасцю адказы Аляксандра Мілінкевіча на пытанні слухачоў Радыё Свабода Вы можаце прачытаць на www.svaboda.org/forum


Усе навіны