English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Дэпутаты польскага парламента авацыямі віталі выступ Аляксандра Мілінкевіча

25/01/06

 

Авацыямі вітаны 20-хвілінны выступ Аляксандра Мілінкевіча на пасяджэнні польскага парламента. У зале Сейма дэпутаты расцягнулі бел-чырвона-белы сцяг у знак падтрымкі адзінага прэтэндэнта ад дэмакратычных сіл на пасаду прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Мілінкевіч стаў першым грамадзянінам Беларусі, які выступіў з высокай трыбуны парламента суседняй дзяржавы.

 

Спікер Сейма Марэк Юрэк адзначыў важнасць візіту Аляксандра Мілінкевіча для Польшчы і пажадаў яму моцы і перамогі: "Гэты візіт узмоцніць адносіны паміж Польшчай і Беларуссю. Аляксандр Мілінкевіч вядзе сёння цяжкую, але важную кампанію, якая з аднаго боку моцна абмяжоўваецца ўладамі, а з другога боку дае людзям надзею на дэмакратычныя змены".

 

Ніжэй прыводзяцца вытрымкі з тэксту выступа Аляксандра Мілінкевіча, які ён прамаўляў па-беларуску.

 

"Спадар Маршалак,

Спадары дэпутаты!

Дарагія сябры!

 

…Надзвычай важна тое, што палякі разумеюць сітуацыю Беларусі, што прадстаўнікі польскага народу ў Сейме вырашылі запрасіць у Сейм дэмакратычную беларускую апазіцыю, паказваючы гэтым самым, што палякі маюць намер дапамагаць дэмакратызацыі Беларусі гэтак жа паслядоўна, як некалі змагаліся за дэмакратыю ва ўласнай дзяржаве...

 

…Дэмакратызацыя Польшчы паказала нам, што значыць сфармаваная і адказная грамадзянская супольнасць. Год таму мы назіралі салідарнасць палякаў з дэмакратычнымі пераменамі на Украіне. Тут, у Польшчы, бачым, як працуюць палітычныя эліты, якія маюць пачуццё адказнасці за ўласную краіну і за ўласны народ. Назіраем палякаў, якія цешацца ўласнай вольнасцю, якія дачакаліся спаўнення ўласных мараў развіцця і дабрабыту. Сённяшнія беларускія ўлады лічаць, што гэта дрэнны прыклад. І робяць усё, каб беларусы ніколі не даведаліся пра гэты паспяховы прыклад – блакуюць польскія радыё і тэлебачанне, спрабуюць маніпуляваць польскай супольнасцю на Беларусі і запалохваць яе актывістаў, не пускаюць польскіх дэпутатаў і журналістаў праз мяжу...

 

Вось ужо больш за дзесяць год Беларусь вяртаецца ў мінулае, найперш да самаізаляцыі часоў Савецкага Саюза, стагнацыі часоў Брэжнева, а цяпер і да рэпрэсій сталінскіх часоў. Якой будзе наступная фаза – можна толькі здагадвацца і прагназаваць. Цяпер мы перажываем дээвалюцыю, вычварэнскае развіццё нашай гісторыі. Мы ўжо даўно не пытаемся, што такое страх, бо ім нас спрабуюць апаноўваць штохвіліну і на кожным кроку. Ужо з цяжкасцю прыгадваем сабе, што такое свабода слова, бо адкрытае казанне праўды пра сітуацыю ў краіне сёння караецца артыкуламі Крымінальнага кодэксу, такімі як, напрыклад, “дыскрэдытацыя дзяржавы”. Мноства людзей большыя альбо меншыя тэрміны сядзелі ці сядзяць у турмах. Фармальна, безумоўна, не за палітыку, але ўсе разумеюць, якую задачу ставіць перад сабой улада: сеяць страх у душах...

 

…Улада ў любой сістэме абапіраецца на людзей. Гэта людзі маюць права выбіраць уладу ці змяняць яе. Беларускія дэмакратычныя сілы хочуць бачыць Беларусь адкрытай і незалежнай беларускай дзяржавай, у якой шануецца годнасць кожнага чалавека. Усе здаровыя дэмакратычныя сілы ў маёй дзяржаве аб’ядналіся на платформе свабоды, дэмакратыі і незалежнасці...

 

…Не зважаючы на запэўнены сацыяльны мінімум, беларусы змучаныя жыццём у пагардзе. Беларусы сёння скутыя страхам. Першай задачай дэмакратычных сіл ёсць пераламанне гэтага страху, а таксама павелічэнне актыўнасці людзей з дапамогай інфармацыйнай кампаніі і падтрымка іх самаарганізацыі. Толькі ў гэтым выпадку не адбудзецца сцэнар сфальшаваных псеўдавыбараў, якія вядуць да чарговай запраграмаванай “элеганцкай перамогі” Лукашэнкі. Хацеў бы падкрэсліць – мы не спадзяемся, што тое, што адбудзецца 19 сакавіка ў Беларусі, будзе тым, што ва ўсім свеце называецца выбарамі. Але, між тым, маем шансы змусіць улады да празрыстых і дэмакратычных выбараў...

 

…Мусім таксама памятаць, што маем унікальную магчымасць пабудовы мастоў паразумення з дапамогай меншасцяў – беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі. Гарантыя захавання моўна-культурнай і рэлігійнай самасвядомасці, магчымасці навучання ў роднай мове, гаспадарчае развіццё регіёна, заселенага этнічнымі беларусамі ў Польшчы служаць добрым аргументам на карысць дэмакратычнай сістэмы. З свайго боку запэўніваю, што па вяртанні Беларусі на шлях свабоды, польская меншасць у Беларусі замест пераследу будзе мець поўную падтрымку з боку дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

 

Дыктатар ніколі не марыў пра адкрытую і дэмакратычную Беларусь. Для яго не было важнейшай справы, як татальны кантроль над грамадствам, на думкамі людзей ды іх лёсам. Аднак беларусы зразумелі – свабода і дэмакратыя могуць быць дасягнутыя, яны на адлегласці выцягнутай рукі. Патрэбная толькі магутнае жаданне быць свабодным".

 

Таксама Аляксандр Мілінкевіч адзначыў,  што ў Беларусі няма ніводнага беларускамоўнага універсітэту, улада зачыніла беларускі ліцэй, у заняпадзе знаходзіцца беларуская культура, не развіваюцца замежныя стасункі. Еўропа можа быць карыснай для Беларусі ў пашырэнні абсягу альтэрнатыўнай інфармацыі, вольнай ад цэнзуры ўлады ў Мінску; салідарнасці з актывістамі дэмакратычнага руху, рэпрэсаванымі за палітычныя погляды, асуджанымі да турмаў, пакаранымі грашовымі штрафамі, звольненымі з працы ці выкінутымі з універсітэтаў; падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, здольных прафесійна выконваць свае абавязкі ў новай дэмакратычнай Беларусі; адкрытасці дэмакратычнага свету для звычайных беларускіх грамадзянаў, дзякуючы аблягчэнню візавага рэжыму, і адначасова ўзмацнення гэтага візавага рэжыму для тых, хто вінаваты ў рэпрэсіях і нішчэнню правоў чалавека. 


Усе навіны