Выступленне Аляксандра Мілінкевіча на сэсіі парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу ПА-БЕЛАРУСКУ (частка ІІ)
Ці гэта свабода асацыяцыяў, калі толькі за апошні год Міністэрства юстыцыі зачыніла мноства грамадскіх арганізацыяў? Многія з іх не спынілі сваёй дзейнасці – культурніцкай, праваабарончай, маладзёвай, дабрачыннай – але цяпер „выступаць ад імя незарэгістраванай арганізацыі“ – крымінальнае злачынства.
Ці гэта талерантнасць, калі зачыняюць навучальныя ўстановы з выкладаннем па-беларуску, бо гэта супярэчыць мэты дзяржаўнай ідэалогіі вярнуць у Беларусі панаванне „гомо советікус“?
Гэта той фон, а дакладней – нашая штодзённая рэальнасць, у якой маюць адбывацца сакавіцкія „выбары“. У тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, я ўжо не кажу пра Цэнтральную, ня ўключаны практычна ніводзін прадстаўнік апазіцыі. Зноў рыхтуецца „элегантная перамога“ вядома якога кандыдата. Гэты кандыдат год таму зладзіў сабе рэферэндум, які насуперак Канстытуцыі дазволіў яму балатавацца на трэці тэрмін; але рэферэндум той не быў прызнаны дэмакратыямі свету.
Чаму ж мы, дэмакратычныя сілы, удзельнічаем у кампаніі? Таму што для нас галоўнае дайсці да людзей. Глыбінную прыналежнасць беларусаў да еўрапейскай дэмакратычнай свабодалюбнай традыцыі можна загнаць у закуткі душы, але нельга знішчыць. Мы ведаем, што на сапраўды свабодных і альтэрнатыўных выбарах цяперашняя ўлада не мела б ніякіх шанцаў. Aле нашае грамадства мусіць пазбыцца страху і пабачыць альтэрнатыву.
Сёння такая альтэрнатыва ёсць. Я маю гонар прадстаўляць Aб’яднаныя дэмакратычныя сілы краіны. Гэта дзесяць палітычных партыяў і згуртаванняў. Гэта сотні няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў, гэта сапраўды незалежныя прафсаюзы, над якімі навісла пагроза фармальнага закрыцця, як на заводзе „Aзот“ у маёй роднай Горадні. Фактычна ўсе адказныя грамадска-палітычныя сілы краіны. Левыя і правыя, партыйныя і непалітычныя – усіх нас яднаюць супольныя каштоўнасці свабоды, дэмакратыі, незалежнасці краіны, якая пад пагрозай страты ў выніку безадказнай палітыкі цяперашняй улады.
Больш за тысячу ўдзельнікаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў 1-2 кастрычніка сёлета аказалі мне гонар, выбраўшы адзіным кандыдатам дэмакратычных сілаў. Я разглядаю гэты давер як даручэнне быць лідэрам усяе тае вялікае, большае часткі беларусаў, якая за перамены. Мы правялі сотні сходаў ў рэгіёнах, аб’язджаем і цяпер штодня па два-тры гарады і мястэчкі, распаўсюдзілі мноства інфармацыйных матэрыялаў пра рэальную альтэрнатыву цяперашняй уладзе. Усё гэта насуперак пераследу, запалохванням, выкіданням з працы.
Мы дамо рады цяжкой місіі вярнуць у Беларусь свабоду. Гэта наша задача. Aд нашых еўрапейскіх суседзяу мы спадзяёмся на разуменне, прынцыповасць ў ацэнцы сітуацыі ў краіне, а ў першую чаргу – дапамогу ў стварэнні рэальнай магчымасці кожнаму беларусу праз альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі ведаць праўду.
Стварыўшы сваю шырокую кааліцыю, мы спадзяёмся каардынацыі паміж ПAСЭ, ЕП і АБСЕ ў беларускім пытанні. Мы не лічым магчымым запрашаць у дэмакратычыя краіны тых, чыя віна ў рэпрэсіях і фальсіфікацыях выбараў відавочная. Мы лічым, што без сутнасных зменаў ў атмасферы грамадскага жыцця, у выбарчым заканадаўстве і практыцы тое, што плануюць улады на 19 сакавіка, не можа быць прызнанае як воля беларускага народу.
Мы ведаем галоўнае. Калі большасць пераканаецца, што яна большасць, нама такой сілы, якая б спыніла непазбежыя перамены. Я веру ў еўрапейскую Беларусь.
Усе навіны


