English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Ігар Салавей прыняў прысягу (фота)

07/02/09

Актывіст Руху "За Свабоду" прысягнуў па-беларуску і падпісаў вайсковую частку на "Народную Волю" і "Нашу Ніву".

 

Цырымонія прыняцця прысягі адбывалася ў а 10 гадзіне ў в. Волька Івацэвіцкага раёну. Падбадзёрыць юнака прыехалі ягоныя сябры і паплечнікі з Белаазёрску і Пінску. Ігар Салавей мусіць адслужыць у 302-й зенітна-ракетнай брыгадзе заходняга камандавання СПА і ПВС зенітна-ракетнай частцы №15994, што пад Івацэвічамі, паўтары гады.

 

Разам з актывістам прысягу прымалі 80 чалавек новага прызыву. Пасля працяглых размоваў з вайсковым начальствам, якое баялася правакацый з боку паплечнікаў Ігара Салаўя,  хлопцу дазволілі прымаць прысягу на беларускай мове.

 

– Мне вельмі прыемна, што да мяне прыехалі мае аднадумцы, каб падтрымаць мяне маральна. Гэта сапраўды прыўзняло мой настрой. Я ўжо тры тыдні ў войску і сумую па волі, – прызнаецца Ігар Салавей.

 

На наступным тыдні маладога жаўнера павязуць у сталічны ваенны шпіталь на абследаванне.

 

– Паводле ваенкамату я цалкам здаровы, з маёй справы зніклі медычныя дакументы, якія сведчаць пра мае праблемы з сэрцам. І у мяне зараз 1-я ступень годнасці. Я спадзяюся, што калі мяне не камісуюць, то хаця б панізяць ступень годнасці, – распавядае Ігар Салавей.

 

Дзякуючы намаганням прызванага ў войска актывіста Руху "За Свабоду", у хуткім часе ў вайсковую частку пачне прыходзіць незалежная прэса.

 

– Атрыманне дазволу выпісаць незалежныя выданні вельмі важнае. Справа ў тым, што частка з'яўляецца закрытым аб'ектам і альтэрнатыўная інфармацыя да вайскоўцаў практычна не даходзіць. Прапагандысцкая ж праца з людзьмі ідзе поўнай хадой. Для жаўнераў дабраахвотна-прымусова арганізуецца прагляд праграмы "Панарама" дзяржаўнага  тэлебачання, а таксама чытанні "СБ" і "Рэспублікі", – кажа Ігар Салавей.

 

Ігар распавёў, што, калі трапіў у вайсковую частку, адразу звярнуўся да камандавання з просьбай дазволіць яму пісацца на "Народную Волю" і "Нашу Ніву". Аднак начальства, спаслаўшыся на загад міністра абароны, адмовіла ў гэтым. Па словах афіцэраў, існуе нейкі спіс дазволеных для чытання вайскоўцамі перыядычных выданняў, куды незалежныя газеты не ўваходзяць. Калі стала зразумела, што гэтая інфармацыя трапіць у СМІ, камандзіры перагледзелі сваё рашэнне і дазволілі навабранцу выпісаць у частку за свой кошт недзяржаўную прэсу.


Нагадаем, як толькі восенню мінулага году Ігар Салавей прыехаў з-за мяжы, дзе праходзіў навучанне, яму абмежавалі выезд з краіны і абвінавацілі ва ўхіленні ад службы ў войску. Маладзёна тэрмінова адправілі на медычнае абследаванне, пасля якога накіравалі на службу ў войскі супрацьпаветранай абароны. Прадстаўнікі зенітна-ракетнай часткі не вельмі хацелі браць Ігара Салаў’я, паколькі ён мае праблемы са здароўем, аднак начальнік прызыву падпалкоўнік ваеннага камісарыяту Валер Купчынаў настаяў на гэтым. 20 студзеня Ігара Салаўя забралі ў частку.


Раптоўны прызыў Ігара Салаўя (таксама як Івана Шылы, Франака Вячоркі і Змітра Хведарука) праваабаронцы разглядаюць, як спробу ізаляваць актывіста, бо ў ваенкамаце добра ведаюць пра ягоныя палітычныя погляды і грамадскую дзейнасць.

 

 

 

 

 

 


Усе навіны