Аляксандр Мілінкевіч: Гэта быў спектакль, у ход якога мы ўмяшаліся
"Гэта быў спектакль, у ход якога мы ўмяшаліся" - так ахарактарызаваў працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі лідэр аб'яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв'ю БелаПАН.
"Чаму мяне зарэгістравалі? Думаю, што для ўлады дрэнны і той, і другі варыянт. Напэўна яна ўзважвала, дзе больш бяды, - сказаў А.Мілінкевіч. - Калі не рэгістраваць - гэта вялікі шум за межамі і ўнутры краіны, калі рэгістраваць - мы будзем тысячамі хадзіць па ўсёй кране і гаварыць праўду. Відаць, перамагло імкненне паказаць, - хаця б для ўнутранага карыстання, - што ідзе канкурэнтная барацьба, таму што назіральнікам з еўрапейскіх краін і так ужо многае ясна".
"Разам з тым мне паказалі, што я вішу на валаску - гэта таксама нядрэнная ідэя. Раней папярэджанне вынеслі, цяпер тры чалавекі прагаласавалі супраць маёй рэгістрацыі, маўляў, у жонкі ў дэкларацыі беспарадак. Я быў адзіным, па кім былі сумненні. Галоўнае для іх - увесь час паказваць: будзь асцярожны, уціхамір спрыт", - лічыць суразмоўца БелаПАН.
Працэдуру рэгістрацыі А.Мілінкевіч назваў "шараговым мерапрыемствам з удзелам прэзідэнта: па строга распісаным сцэнарыі. Ні кроку ўлева, ні кроку ўправа".
"Але Мілінкевіч і Казулін гэтую карцінку, вядома, моцна сапсавалі. Я больш гаварыў аб агульнай сітуацыі ў краіне, а Казулін - канкрэтна пра Лукашэнку, і гэта было яму вельмі цяжка слухаць. Мне падалося, што кіраўнік краіны зусім адвык ад дыялогу. Ён перажываў, нерваваўся, гэта было відавочна. Адным словам, сапсавалі свята. Нас зарэгістравалі, а мы такія няўдзячныя", - сказаў А.Мілінкевіч.
Паводле слоў палітыка, пасля выступленняў кандыдатаў "адназначна высветліліся пазіцыі кожнага".
"Я гаварыў аб парушэннях правоў чалавека, аб тым, што знікаюць людзі, што ёсць палітзняволеныя і ў якой атмасферы праходзяць выбары. Казулін цалкам зрабіў акцэнт на асабістых адносінах да прэзідэнта і стаўленні да яго як кіраўніка краіны. Выказаў удзячнасць за добрае і сказаў, што пара сыходзіць, фамільярна назваў яго Аляксандрам. А Гайдукевіч сваімі паводзінамі падтрымліваў прэзідэнта. Ён спыняў Казуліна, гаварыў лозунгі, якія выкарыстоўвае прэзідэнт у сваёй кампаніі. Няма сумневу, што гэта тандэм. Ад выступлення Лукашэнкі склалася ўражанне, што мы знаходзімся ў асаджанай крэпасці, вакол ворагі. Думаю, ён не ўсё сказаў, што рыхтаваўся сказаць, а спачатку падалося нават, што ён наогул не хоча гаварыць", - заявіў А.Мілінкевіч.
"Лукашэнка раз у пяць гадоў павінен перажыць такія хвіліны", - лічыць адзіны кандыдат.
На думку А.Мілінкевіча, дзеянні праваахоўных органаў ля Палаца Рэспублікі, а таксама напярэдадні, у Дзень салідарнасці, калі было затрымана каля 20 чалавек са свечкамі памяці, сведчаць аб тым, што ўлада "зрываецца, не ўмее тармазіць".
"Па меры таго, як будзе ісці агітацыя, - а поспех дакладна будзе, - рэпрэсіі будуць узмацняцца", - лічыць адзіны кандыдат.
18 лютага А.Мілінкевіч накіроўваецца ў агітацыйную паездку ў Магілёў і Бабруйск.
Прэзідэнцкія выбары пройдуць 19 сакавіка.
Усе навіны


