Аляксандр Мілінкевіч: Важна не столькі тое, якімі прыроднымі багаццямі валодае краіна, а тое, што ў галовах кіраўніцтва дзяржавы
У Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч распачаў сустрэчу з выбаршчыкамі. Зал, разлічаны на 400 чалавек, запоўнены цалкам.
Аляксандр Мілінкевіч закрануў праблемы эканомікі, тэхнічнай адсталасці нашых прадпрыемстваў, вялікіх аб’ёмаў прадукцыі на складах.
- У сучаснай эканоміцы важна не колькі ты вырабляеш, а колькі ты можаш прадаць вырабленага тавара. Сёння, ізаляваўшыся ад Еўропы, мы да таго ж пачынаем губляць і расійскія рынкі збыту. Напрыклад, з Масквой гандаль скараціўся летась больш чым на 40%, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Кандыдат у прэзідэнты казаў таксама пра рэфармаванне беларускай сістэмы ўлады, неабходнасць змены стылю і метадаў кіравання дзяржавай.
- Часта кажуць, што Беларусь – бедная, таму што не мае ўласных прыродных карысных выкапняў – газу, нафты. Але ў свеце шмат краін, якія таксама гэтага не маюць, але жывуць годна і заможна. Адна Японія чаго вартая. Важна не столькі тое, якімі прыроднымі багаццямі валодае краіна, а тое, што знаходзіцца ў галовах кіраўніцтва дзяржавы, - зазначыў Аляксандр Мілінкевіч
Выбарцаў цікавілі пытанні моладзевай палітыкі, дзяржаўнай падтрымкі фермерства і сацыяльных ільгот.
Адзіны кандыдат прадставіў сваю перадвыбарчую праграму, якая дасць новыя магчымасці для краіны і яе грамадзян, новыя рынкі збыту прадукцыі, новыя працоўныя месцы, павагу да Беларусі і да яе грамадзянам ва ўсім свеце, упэўненасць у заўтрашнім дні.
Усе навіны


