English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Выбарца ў Гомелі: Цяпер я ўжо дакладна ведаю, за каго буду галасаваць – гэта Аляксандр Мілінкевіч

20/02/06

Сустрэча Аляксандра Мілінкевіча ў Гомелі вечарам у нядзелю доўжылася дзве гадзіны, яшчэ паўгадзіны ён раздаваў аўтографы і фатаграфаваўся з выбарцамі. Заля Гарадскога цэнтру культуры, разлічаная на 600 чалавек, была перапоўненая, многія выбарцы сядзелі на дадатковых крэслах і стаялі. Прыбылі на сустрэчу нават інваліды на калясках. Паводле інфармацыі радыё Свабода пытанні былі самыя разнастайныя, у тым ліку і правакацыйныя, адказы неаднаразова выклікалі авацыі залі.


Мілінкевіч:  “Дэмакратычныя сілы Беларусі вельмі шырока аб’ядналіся не толькі для гэтых выбараў, а да перамогі дэмакратыі. Я даю вам слова, што мы не развалімся, не разбяжымся, і я нікуды не з’еду – ні за мяжу, ні на дачу, я буду працаваць і працаваць. І мы пераможам”. (воплескі)


Людзі доўга не разыходзіліся і ахвотна дзяліліся ўражаннямі. Гэты гамяльчук зазначыў, што такіх выступаў у Гомелі ён не чуў гадоў 15.

 

Гамяльчук: “Прыемна тое, што людзі рады, а па-другое, добрыя вочы ў гэтага чалавека, я з ім вітаўся за руку, не хочацца нават рукі мыць. Думаю, можа нават не памыць тыдзень рукі – адчуваецца ў руках цяпло”.


І моладзь, і пенсіянеры пасля выступу не хацелі адпускаць спадара Мілінкевіча.


Пэнсіянэрка: “Мы хочам ганарыцца сваім прэзідэнтам, сваёй уладай”.

 

Мілінкевіч: “Для мяне гэта вялікае шчасце, што столькі пажылых людзей з намі”.


Пэнсіянэр: “Поспехаў, спадзяюся, што ўсе будзе добра”.

 

Іншы спадар: “Перамога за намі павінна быць”.

 

Ці рэальная перамога і тое, пра што некалькі гадзін казаў Мілінкевіч, – тут думкі падзяліліся:


Спадар: “Мне амаль усе спадабалася, але нічога гэта не будзе здзейснена, бо шанцаў у яго няма ніякіх”.

Іншы спадар: “Лічу, што шанцы есць. Я сам з’яўляюся сябрам адной з участковых камісіяў Гомеля, і скажу, што калі кожны з нас спрацуе нармальна, сумленна, тады звесткі на ўчасткаў нельга будзе сфальшаваць”.


Дзяўчына: “Ён інтэлігентна, спакойна і разумна разважаў і гэтым мяне заваяваў, і цяпер я ўжо дакладна ведаю, за каго буду галасаваць – гэта Аляксандр Мілінкевіч”.


Сёння Аляксандр Мілінкевіч працягвае сваю паездку па Гомельшчыне.


Мілінкевіч: “Я не думаў, што кожная заля будзе перапоўненая, а там, дзе нас не пускаюць, людзі стаяць на марозе і слухаюць. Я і раней казаў, што ў грамадстве есць чаканне пераменаў. А сёння мы бачым, што чаканне перарастае ў надзею. І я хацеў бы, каб надзея перарасла ў веру. Ствараецца сапраўдная палітычна актыўная атмасфера”.


Усе навіны