English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Аляксандр Мілінкевіч: Пастанова № 991 падрывае эканоміку краіны

03/08/09

Выхад пастановы  Саўміну Беларусі № 991 з’яўляецца беспрэцэдэнтным выпадкам умяшальніцтва дзяржавы ў функцыянаванне эканамічнай сістэмы краіны. Дадзены дакумент падрывае аснову любой эканомікі – аптовы гандаль, без якога не магчыма існаванне ніводнай галіны эканомікі ў сучасным свеце. 


Рэалізацыя Пастановы  № 991 прывядзе да зрыву паставак неабходных матэрыялаў і камплектуючых, што выкліча спыненне працы на тысячах прадпрыемстваў. Будуць зруйнаваныя шматлікія гандлёвыя кампаніі, а дзесяткі тысяч іх супрацоўнікаў апынуцца на вуліцы без сродкаў да існавання.


Пастанова № 991 не прывядзе да дасягнення задэклараванай уладамі мэты – змяншэння карупцыі ў выглядзе “адкатных” схемаў. Наадварот, павялічыцца колькасць бюракратычных працэдураў, а гэта прывядзе да павелічэння карупцыі, асабліва на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў. Акрамя таго, прапанаваны дакумент ставіць крыж на дзяржаўных праграмах дэбюракратызацыі і лібералізацыі. У выніку дзеяння пастановы бюджэт можа недаатрымаць значныя фінансавыя сродкі, што яшчэ больш падарве фінансавы стан беларускай дзяржавы. 


Лічу, што прыняццё Саветам Міністраў Пастановы №911 выкліча радыкальнае пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне і таму заклікаю ўрад неадкладна адклікаць дадзены дакумент.


Аляксандр Мілінкевіч


Даведка: Пастанова  Савета Міністраў Беларусі № 991 ад 28 ліпеня 2009 г. дазваляе суб’ектам гаспадарання набываць імпартаваныя тавары толькі наўпрост ад вытворцы альбо ягонага афіцыйнага дыстрыб'ютара на тэрыторыі Беларусі. Пастанова ўступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.


Усе навіны