Аляксандр Мілінкевіч выклікаў Лукашэнку на тэледэбаты
Сёння кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазіцыі Аляксандар Мілінкевіч запісаў свой 30-хвілінны выступ на першым канале Беларускага тэлебачання. Трансляцыя выступа Аляксандра Мілінкевіча будзе паказаная заўтра ў 18.00.
Спадар Мілінкевіч узяў з сабой на запіс сваю бутэльку з вадой і нават сваю шклянку, гэта ён патлумачыў захадамі перасцярогі:
- Я памятаю, што было ў 2001 годзе з Сямёнам Домашам. Ёсць падазрэнні, ужо ніхто не дакажа, але ён піў там са шклянкі, а на наступны дзень у яго быў велізарны інфаркт. Гэта ў здаравеннага чалавека, і многія лекары казалі, што выпадкова такога не бывае.
Спадар Мілінкевіч абраў для свайго выступу па БТ ён абраў форму завочнага дыялогу з выбарцамі:
- Нам не дазваляюць жывога эфіру, я не магу мець зваротнай сувязі з тымі, хто хацеў бы задаць пытанне Мілінкевічу. Таму я ўзяў з сабой пытанні-запіскі, якія перадавалі мне людзі ў розных гарадах, і сказаў гледачам: давайце завочна з вамі пагаворым”.
Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца што ягоны выступ ня будзе цэнзураваны — прынамсі, кіраўніцтва БТ яму гэта абяцала. Ён пачаў свой выступ па-руску, а потым у адказах на пытанні выкарыстоўваў расейскую і беларускую мовы.
Аляксандар Мілінкевіч шмат крытыкаваў цяперашнія парадкі, казаў пра магчымыя фальсіфікацыі выбараў, але прозвішча Аляксандра Лукашэнкі назваў толькі раз у канцы выступу:
- Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку да адкрытых тэледэбатаў у жывым эфіры. Лічу, што калі ў законе і напісана, што тэледэбаты нібыта не прадугледжаныя, гэта ня значыць, што ня трэба размаўляць. Людзі хочуць ведаць праўду, хочуць ведаць адказы на пытанні, якія іх хвалююць. І важна, каб і тыя, хто прэтэндуе на ролю кіраўніка дзяржавы, і тыя, хто цяпер кіруе краінай, сустракаліся, размаўлялі і паціскалі адзін аднаму рукі”.
Глядзіце ўвесь выступ Аляксандра Мілінкевіча заўтра, 22 лютага а 18.00 па першым беларускім канале.
Усе навіны


