Аляксандр Мілінкевіч: Сённяшняя ўлада баіцца будучыні
“Сённяшняя ўлада ў Беларусі перастае верыць ужо нават сабе”, - лічыць кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. Каментуючы сённяшняе паседжанне па пытаннях нацыянальнай бяспекі, якое правёў пакуль яшчэ дзеючы прэзідэнт А.Лукашэнка, адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл адзначыў:
- Мяркуючы па інтэнсіўнасці, з якой апошнім часам праводзяцца паседжанні ды іншыя мерапрыемствы, звязаныя з пытаннямі нацыянальнай бяспекі, рэжым перастае верыць нават самому сабе. Нэрвовасць заяваў, непрыхаванасць пагрозаў, хваравітае ўспрыманне абгрунтаванай крытыкі, якую ўлада імкнецца выдаць за абвастрэнне сітуацыі з боку яе апанентаў, - усё гэта сведчыць пра страх перад будучыняй. Рэжым не ведае, адкуль чакаць праблемаў для сябе. Гэта нармальны стан для коласаў на гліняных нагах. Калі народ дыхае паветрам свабоды, чуе слова праўды, ён пачынае верыць у справядлівасць – і збрахаўшаяся прапагандысцкая машына становіцца слабой і бездапаможнай. Пра гэта яскрава сведчаць нашыя сустрэчы з людзьмі ў гарадах і вёсках Беларусі.
Усе навіны


