Прэзідэнт Аляксандр Мілінкевіч: “Буду актыўна падтрымліваць урад у змаганні з беспрацоўем, злачынстывам і карупцыяй”
- Як кіраўнік дзяржавы буду актыўна падтрымліваць урад, які будзе энергічна змагацца з беспрацоўем ды іншымі сацыяльнымі паталогіямі, такімі як злачыннасць і карупцыя, - заявіў сёння ў Лепелі Аляксандр Мілінкевіч, выступаючы перад жыхарамі горада на мясцовым рынку.
Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат у прэзідэнты Беларусі, падтрыманы ўсімі дэмакратычнымі сіламі, распачаў сёння свае перадвыбарчыя паездкі па Віцебскай вобласці.
Адказваючы на пытанні лепельчан, Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што пасля ягонай перамогі на выбарах прэзідэнт будзе пазбаўлены імператарскіх паўнамоцтваў.
- Гэта абсурд, калі дэкрэты прэзідэнта сёння вышэй за Канстытуцыю. Я супраць таго, каб Савет Міністраў быў вымушаны дубляваць загады і рашэнні адміністрацыі прэзідэнта. У Беларусі павінен быць адноўлены рэальны падзел улады – выканаўчая ўлада не павінна мець права прыняцця заканадаўчых актаў, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч у Лепелі.
Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што на пасадзе прэзідэнта не будзе падтрымліваць якіх-кольвек бізнес-групы і не будзе нічыім закладнікам – “гэта абавязковая ўмова, дзеля таго, каб заставацца прэзідэнтам незалежным і паспяховым.”
- Грамадзяне Беларусі патрабуюць прыстойных людзей ва ўладзе. Скажу вам штосьці малапапулярнае – калі ўлада ў сакавіку 2006 годзе ізноў падмане народ і сфальсіфікуе выбары, дык ізноў на чарговыя шмат гадоў адсуне перспектыву развіцця дзяржавы, - заявіў Аляксандр Мілінкевіч, выступаючы перад жыхарамі Лепеля.
Лепель, як першы пункт праграмы паездак па Віцебшчыне, быў абраны не выпадкова. Некалькі дзесятка жыхароў горада звярнуліся з просьбай да Аляксандра Мілінкевіча “абавязкова наведаць” іх горад. “Мы разумеем, што мы жывем у невялікім горадзе, і за кароткі час выбарчай кампаніі Вы можаце і не заехаць да нас. Але запэўніваем Вас, у нашым горадзе моцныя свабодалюбівыя традыцыі, мы таксама маем права на веданне праўды аб тым, што робіцца ў краіне, і мы таксама прагнем пераменаў у Беларусі да лепшага”.
Усе навіны


