Аляксандр Мілінкевіч: "Новы ўрад Беларусі не дапусціць таго, каб пенсіі былі ніжэй рэальнага пражытачнага мінімуму"
Сёння працягнулася паездка адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча па Віцебскай вобласці.
Аляксандр Мілінкевіч наведаў Воршу, дзе на цэнтральнай плошчы прайшла яго сустрэча з выбарцамі. У гутарцы з кандыдатам у прэзідэнты удзельнічала каля 200 чалавек.
Адказваючы на пытанне мясцовых жыхароў аб узроўні пенсій, які павінен быць гарантаваны кожнаму грамадзяніну, Аляксандр Мілінкевіч сказаў наступнае:
- Новы ўрад Беларусі не дапусціць таго, каб пенсіі былі ніжэй рэальнага пражытачнага мінімуму, усталяванага на прымальным для жыцця чалавека ўзроўні. Разлікі эканамістаў нашай каманды паказваюць, што памер сярэдняй пенсіі ў Беларусі можа быць забяспечаны не ніжэй 50-60 адсоткаў ад узроўню сярэдняга заробку.
Аляксандр Мілінкевіч таксама адзначыў, што дзеючы прэзідэнт дарма ставіць сабе ў заслугу тое, што пенсіі ў Беларусі выплачваюцца своечасова. "Лукашэнка плаціць іх не з сваёй кішэні. Своечасовая выплата пенсіяў - гэта не заслуга, а абавязак дзяржавы перад людзьмі, якія ўсё сваё жыццё стваралі матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці".
Усе навіны


