English Version
Нашы навіны
Мультымедыя
Спасылкі

Навіны
 Галоўная

Беларускі Еўрапейскі Форум (on-line рэпартаж)

14/11/09

9.45

На першым паверсе актыўна праходзіць рэгістрацыя удзельнікаў Форуму. Кожны дэлегат атрымлівае тэчку з праграмай Форуму, праэктам рэзалюцыі і праграмы дзеянняў, мультымедыйным дыскам, каляровымі буклетамі і календарыкамі.

 

На другім паверсе ідзе мантаж стэндаў фотаконкурсу “Еўрапейская Беларусь”, фотазоны, выставачных пунктаў працаў лаўрэатаў прэміі “За свабоду думкі” Аляксандра Мілінкевіча, разгорнуты гандль кнігамі.

 

 

10.24

Абвешчана галасаванне за лепшыя фотаздымкі конкурсу "Еўрапейская Беларусь"

 

11.05

Беларускі Еўрапейскі Форум пачаў працу выкананнем гімну "Магутны Божа". Партэр цалкам запоўнены дэлегатамі і ганаровымі гасцямі. Вялікая частка людзей размясцілася на балконе.

 

Сярод замежных гасцей зарэгістраваліся дэпутатка Еўрапарламенту Карын Вортман-Кооль, дэпутат ЕП Аляксандр Мірскі, прадстаўнік Еўрапейскай Народнай партыі Нікаля Брыек, амбасадары Літвы, Швецыі, Венгрыі, Брытаніі, Нідэрландаў і іншых краінаў.

 

З прывітальным словам ад аргкамітэту выступае намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Віктар Карнеенка.

Віктар Карнеенка адзначыў, што актыўная дыскусія ў грамадстве адносна стасункаў Беларусі з ЕЗ сведчыць пра надзвычайную важнасць гэтага пытання. Вельмі важна не дазволіць уладам манапалізаваць працэс збліжэння з заходнееўрапейскімі краінамі. Віктар Карнеенка прапанаваў зацвердзіць на Форуме праграму далейшых дзеянняў праеўрапейскіх сілаў і дадаў, што яны адкрытыя да далучэння іншых структураў.

 

11.15

Форум абірае сябраў мандатнай (старшыня - Юрась Губарэвіч, рэдакцыйнай (старшыня - Віктар Карнеенка) і падліковай камісій.

 

11.20

З вітальным словам выступае амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан.

 

Прадстаўнік Швецыі адзначыў, што еўрапеізацыя не нясе пагрозы нацыянальнай ідэнтычнасці і выказаў упэўненасць, што БЕФ замацуе еўрапейскі вектар развіцця Беларусі. На яго думку, пасля заканчэння Форуму, яго удзельнікаў чакае складаная праца па кансалідацыі беларусаў вакол еўрапейскай ідэі. Стэфан Эрыксан пажадаў поспехаў у гэтым.

 

11.40

Вядучы Форуму Павал Мажэйка прэзентуе ўдзельнікам мерапрыемства відэазвароты Ежы Бузэка, Вацлава Гавэла, Вітаўтаса Ландсбергіса. Быў зачытаны зварот старшыні камісіі па еўраінтэграцыі Вярхоўнай Рады Украіны Барыса Тарасюка.

 

12.35

Перад удзельнікамі Форуму з вітальнымі словамі выступаюць віцэ-старшыня Еўрапейскай Народнай Партыі, дэпутат Еўрапейскага парламенту Карын Вортман-Кооль, віцэ-маршалак Сенату Рэспублікі Польшча Збігнеў Рамашэўскі, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч, дэпутат Бундэстагу Нямеччыны Мануэль Зарацын,  старшыня Фонду імя Робера Шумана (Францыя) Жан-Дамінік Джуліані, дэпутат Еўрапарламенту Аляксандр Мірскі.

 

12.30
Перад прысутнымі выступаюцьз прамовай старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, а таксама Юрась Карэтнікаў, ("Правы Альянс"), Кася Галіцкая ("Маладая Беларусь") Аляксандр Шумкевіч, (МХСС “Маладыя дэмакраты”), Уладзімір Навасяд, (Партыя Свабоды і Прагрэсу), Павал Севярынец (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя). Удзельнікаў Форуму віталі Станіслаў Шушкевіч і Зінаіда Бандарэнка.

 

13.30
З дакладам мандатнай камісіі выступае Юрась Губарэвіч. Паводле яго слоў, па стану на 12.30 дэлегатамі зарэгістраваліся 809 чалавек, Форум ушанавалі сваёй прысутнасцю 98 ганаровых гасцей, 7 кіраўнікоў дыпламатычных місій. Мерапрыемства асвятляюць 52 журналіста. Гэта найбольш прадстаўнічае мерапрыемства ад Кангрэсу дэмакратычных сілаў 2005 года.

 

13.40

Мандатная камісія прапануе прызнаць паўнамоцтвы зарэгістраваных дэлегатаў. Удзельнікі Форуму зацверджаюць рашэнне камісіі. Вядучы абвяшчае пачатак працы па тэматычных секцыях.

 

13.50
На тэматычнай секцыі “Палітыка” абмяркоўваецца пытанне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў, праблема захавання беларускай мовы ва ўмовах еўраінтэграцыі і іншыя пытанні. Кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч тлумачыць прычыны затрымкі вырашэння візавага пытання і абяцаў прагрэс у гэтай справе. Старшыня Фонду імя Роберта Шумана Жан-Дамінік Джуліані распавядае пра ідэалогію Еўразвязу, як новага наднацынальнага ўтварэння.

 

14.50
Пасля заканчэння працы тэматычнай секцыі Яцэк Пратасевіч адказвае на шэраг пытанняў журналістаў. З яго слоў, асноўным крытэрам для вырашэння пытання па санкцыях праз наступныя шэсць месяцаў будзе наяўнасць альбо адсутнасць станоўчых зменаў у выбарчым заканадаўстве. Палітык запэўніў, што пад пільнай увагай еўрапейскіх палітыкаў застаюцца усе агучаныя раней 12 умоў Еўразвязу для Беларусі.


15.20
Абвяшчэнне імёнаў пераможцаў фотаконкурсу “Еўрапейская Беларусь”. Першае месца атрымаў Андрэй Рогач са Смаргоні (глядзець фота, сам пераможца на здымку ніжэй), другое – Уладзімір Бутурля з Мінску (глядзець фота), трецяе – Яўген Жукаў, таксама мінчук (глядзець фота). Прыз глядацкіх сімпатый узяла Кацярына Азарава з Гродна (фота).

 

15.30
Алесь Пушкін дэманструе фільм “Плэнэр у вёсцы Бабры на дзень Незалежнасці”.

 

16.00
Алесь Лагвінец агучвае вынікі віктарыны “Як добра ты ведаеш ЕС?”. Першае месца заваяваў Максім Карлюк, другое – Андрэй Безручонак, трэцяе – Арсен Ягорчанка. Уладальнікі 2-га і 3-га месцаў атрымалі па экзэмпляру ўнікальнага выдання “Трышчан”. Пераможцу бліжэйшым часам чакае вандроўка ў Бельгію альбо Францыю. Усе ўганараваны памятнымі дыпломамі.

 

Тым часам у залі паседжанняў ПК МАЗ закончваецца праца тэматычнай секцыі “Эканоміка” і распачынаецца праца ў секцыі “Грамадства”.

 

16.10

Вуступае Уладзімір Арлоў. Ён распавядае пра праблему існавання пасткаланіяльнага сіндрому і пра вялікае значэнне гісторыі і культуры для адраджэння беларускай нацыі. 

 

Выкладчык ЕГУ Алесь Смалянчук дзеліцца сваімі ацэнкамі сістэмы адукацыі ў Беларусі і тлумачыць, чаму Беларусь да гэтай пары знаходзіцца па-за Балонскім працэсам, які уніфікуе адукацыйныя сістэмы еўрапейскіх краінаў.

 

17.10

Пачалося абмеркаванне праектаў рэзалюцыі і плана дзеянняў праеўрапейскіх сіл пасля Форуму.

 

Віктар Карнеенка зачытаў дэлегатам папраўкі, якія былі перададзеныя ў рэдакцыйную камісію. Па выніках галасавання было прынята дзве папраўкі. У раздзел патрабаванняў да беларускіх уладаў дадазена патрабаванне вызвалення палітвязняў і недапушчэння практыкі асуджэння па палітычных матывах. План дзеянняў праеўрапейскіх сіл ухвалены без заўваг. Канчатковы варыянт рэзалюцыі тут.

 

18.00

Перад дэлегетамі Форуму выступае лідэр Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.

 

18.30

На 2-м паверсе ў прэс-пакоі пачаўся брыфінг для СМІ з удзелам Аляксандра Мілінкевіча. 

У гэты ж час у залі паседжанняў перад дэлегатамі пачалі канцэрт беларускія музыкі.

 

19.05

Праца Форуму скончана.


Усе навіны