Ежы Бузэк: Заўсёды памятайце, што вы еўрапейцы!
Старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузэк у звароце да удзельнікаў Еўрафоруму адзначыў, што пагроза страты суверэнітэту Беларусі – асноўная прычына актывізацыі Еўрапейскім саюзам дыялогу з нашай краінай.
Свой зварот Ежы Бузэк распачаў словамі: “Дазвольце нагадаць пра тое, што з’яўляецца фактам, і аб чым ніколі ня трэба забывацца: Беларусь з’яўляецца еўрапейскай дзяржавай. Вы з’яўляецеся часткай еўрапейскай сям’і. Ваша гісторыя, культура, каштоўнасці, якія вы адстойваеце, з’яўляюцца найлепшым таму прыкладам”.
Уплывовы еўрапейскі палітык прадэманстраваў разуменне таго, што зрухі ў кірунку дэмакратыі, свабоды слова і павагі правоў чалавека у Беларусі пакуль з’яўляюцца недастатковымі. Адначасна ён заўважыў, што з прычыны цяжкай эканамічнай сітуацыі суверэннасць Беларусі можа апынуцца пад пагрозай.
“Ваша права да жыцця ў суверэннай і дэмакратычнай дзяржаве павінна быць абаронена. Менавіта гэта – асноўная прычынай таго, што Еўрапейскі саюз вырашыў пачаць дыялог з Беларуссю. Робячы гэта, мы працягваем руку дапамогі Беларусі: вашым грамадзянам, а не толькі ўладам”, – патлумачыў Ежы Бузэк.
Старшыня Еўрапарламенту упэўнены, што ў будучыні вольная і дэмакратычная Беларусь павінна мець моцныя сувязі з Еўрапейскім саюзам. І задача удзельнікаў Беларускага Еўрапейскага Форума пераконваць у перавагах еўраінтэграцыі іншых грамадзян.
Ежы Бузэк таксама выказаў словы прызнання і падзякі Аляксандру Мілінкевічу:
“Дазвольце, выкарыстоўваючы такую магчымасць, выразіць словы вялікага прызнання да вашага лідэра – Аляксандра Мілінкевіча, лаўрэата прэміі Еўрапарламенту імя Андрэя Сахарава "За свабоду думкі" за 2006 год – за яго нястомныя высілкі дзеля пабудовы дэмакратычнай, вольнай і еўрапейскай Беларусі. Аляксандр, дзякуй табе вялікі ад нас усіх!”
Старшыня Еўрапарламенту ўзгадаў пра сваю сустрэчу з беларускімі студэнтамі Еўрапейскага Гуманітарнага ўніверсітэта, якія мараць пра вольную і дэмакратычную радзіму, і выказаў упэўненасць, што іхныя веды і досвед у патрэбны час будуць незамяняльнымі для стварэння новай Беларусі.
Напрыканцы свайго звароту Ежы Бузэк пажадаў дэлегатам, плённага Форуму і поспехаў ў будучыні!
Усе навіны



