Аляксандр Мілінкевіч: Грамадзянская супольнасць – галоўная наша каштоўнасць
Лідэр Руху “За Свабоду” выступіў перад удзельнікамі Беларускага Еўрапейскага Форуму.
Аляксандр Мілінкевіч адзначыў вялікую ролю беларускай грамадзянскай супольнасці у тым, што працэсы эканамічных пераўтварэнняў, адраджэння суверэнітэту сталі незваротныя.
На яго думку, людзі усё болей пачынаюць разумець каштоўнасць незалежнасці. З кожным годам беларусы будуць прагнуць больш свабоды, патрабаваць больш кантролю над уладай, умацоўваць пачуццё ўласнай годнасці. Задача праеўрапейскіх сіл паказаць грамадзянам краіны арыенцір – Еўропу. На думку лідэра Руху “За Свабоду”, рэформаў у эканоміцы не будзе без еўраінтэграцыі, а еўраінтэграцыі не будзе без свабодных выбараў і разнявольвання грамадства.
Лідэр Руху “За Свабоду” гатовы спрыяць афіцыйнаму Мінску у наладжванні эканамічных сувязяў з ЕЗ, бо гэта ратуе Беларусь ад пагрозы страты суверэнітэту з боку Расіі, але выказаў гатоўнасць змагацца за кожны лапік Свабоды.
Аляксандр Мілінкевіч выказваецца за ўдзел у выбарах, бо байкот спрашчае легітымізацыю рэжыму і за дыялог, які грунтуецца на маральных каштоўнасцях, бо ізаляцыя не пакідае рэжыму выбару. Ён упэўнены, што Беларускі незалежніцкі блок будзе мець сур’ёзны ўплыў на выбарах і здолее вызначыць гепалітычны лёс краіны.
Лідэр Руху “За Свабоду” заявіў, што гатовы ўзяць на сябе адказнасць грамадзянскага лідэра. На думку Аляксандра Мілінкевіча, умовы бліжэйшых выбараў будуць больш спрыяльныя для грамадзянскай супольнасці, бо рэжым аб’ектыўна слабейшы, і цалкам рэальна агульнымі намаганнямі пабудаваць свабодную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь.
Тэкст прамовы тут
Усе навіны



